МВФ пагоршыў прагноз падзення эканомікі Беларусі



Міжнародны валютны фонд прагназуе, што ВУП Беларусі ў 2017 годзе скароціцца на 0,8%, гаворыцца ў красавіцкім аглядзе сусветнай эканомікі (World Economic Outlook).

Гэта горш за папярэднюю ацэнку фонду. У кастрычніку мінулага года МВФ чакаў, што эканоміка Беларусі ў 2017 годзе знізіцца на 0,5%.

Разам з тым ацэнка перспектыў 2018 года крыху палепшылася. Цяпер МВФ лічыць, што беларуская эканоміка пакажа рост 0,6%, а не 0,3%, як меркавалася раней.

Прагноз па інфляцыі ў Беларусі ў 2017 годзе таксама палепшаны. Згодна з ацэнкай МВФ, яна складзе 9,3% (раней фонд прагназаваў рост цэн на 12%), у 2018 годзе — 8,7%.

Варта адзначыць, што падобнага да гэтага прагнозу ў дачыненні да працягу рэцэсіі ў Беларусі прытрымліваецца і Сусветны банк, які мяркуе, што ВУП Беларусі ў 2017 годзе можа знізіцца на 1%.

Аналагічнае меркаванне ў дачыненні да перспектыў беларускай эканомікі мае і расейскі „Ашчадбанк”. Паводле ацэнкі Цэнтра макраэканамічных даследаванняў „Ашчадбанка”, рэцэсія ў Беларусі сёлета будзе працягвацца і ВУП знізіцца на 0,2%, а вялы эканамічны рост (на 0,8%) магчымы толькі ў 2018 годзе.

Паводле звестак Белстата, у студзені—сакавіку 2017 года ВУП вырас на 0,3% да аналагічнага перыяду мінулага года. Рост эканомікі адзначаны ўпершыню за апошнія два гады. Згодна з афіцыйным прагнозам, у 2017 годзе ВУП павінен вырасці на 1,7%.

У 2016 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 2,6% у параўнанні з 2015 годам. Мінулы год стаў другім запар у гісторыі незалежнай Беларусі, калі ў краіне назіралася рэцэсія. У 2015 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,8%.

belapan.by