МВФ прагназуе істотны рост пенсійных расходаў Беларусі



У сувязі з павелічэннем колькасці пенсіянераў пенсійныя расходы Беларусі да 2050 года могуць перавысіць 16% ВУП. Паводле інфармацыі БелаПАН, да такой высновы прыйшлі эксперты Міжнароднага валютнага фонду, якія ацэньвалі перспектывы дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі.

Паводле ацэнак валютнага фонду, з якімі азнаёміўся БелаПАН, суадносіны колькасці пенсіянераў да працаздольнага насельніцтва будуць у Беларусі ўвесь час павялічвацца — з 40% у 2015 годзе да 68% да 2050 года.

У сувязі з гэтым эксперты валютнага фонду чакаюць, што выдаткі на пенсіі ў Беларусі могуць узрасці з 9,6% ВУП у 2015 годзе да 12,4% у 2030 годзе і да 16,1% ВУП у 2050 годзе. На думку экспертаў фонду, калі пасля 2022 года пенсійны ўзрост у Беларусі не павышаць, то дэфіцыт існуючага пенсійнага фонду у 2030 годзе будзе роўны 2,8% ВУП, а у 2050-м — 6,5% ВУП.

Нагадаем, з мэтай недапушчэння дэфіцыту пенсійнага фонду ў Беларусі прынялі рашэнне паступова павышаць пенсійны ўзрост штогод на паўгода. У выніку гэтага пенсійны ўзрост мужчын у 2017—2022 гадах павялічыцца з 60 да 63 гадоў, жанчын — з 55 да 58 гадоў.

Між тым у дакладзе па Беларусі, які МВФ апублікаваў у верасні гэтага года, эксперты фонду рэкамендавалі беларускім уладам працягнуць павышаць пенсійны ўзрост і пасля 2022 года, і давесці яго як для мужчын, так і для жанчын да 65 гадоў.

На думку беларускіх эканамістаў, верагоднасць таго, што павышэнне пенсійнага ўзросту, якое пачнецца ў 2017 годзе, працягнецца і пасля 2022 года, вялікая.

„Дэмаграфічныя перспектывы такія, што нікуды мы не падзенемся ад павелічэння пенсійнага ўзросту да 65 гадоў. Іншых варыянтаў вырашэння праблемы, звязанай з патэнцыйным дэфіцытам пенсійнага фонду, проста няма”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Пры гэтым эканамісты мяркуюць, што на рэзкае павышэнне пенсійнага ўзросту, каб не дапускаць сацыяльнага напружання ў грамадстве, улады не пойдуць. „Аднак у тым, што паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту, якое пачнецца ў 2017-м, будзе працягвацца і ў 2020-я гады, можна не сумнявацца”, — зазначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН эканаміст Антон Балточка.

У сувязі з абмежаванасцю сродкаў існуючага пенсійнага фонду, мяркуе эксперт, у Беларусі для павелічэння даходаў будучых пенсіянераў неабходна ўкараняць назапашвальныя элементы пенсійнай сістэмы.

„Павышэнне пенсійнага ўзросту — не пенсійная рэформа, гэты крок ніяк не ўплывае на ўзровень дабрабыту пенсіянераў. Неабходна ўкараняць элементы назапашвальнай пенсійнай сістэмы, каб будучыя пенсіянеры маглі мець годны прыбытак і ўзровень жыцця”, — кажа Балточка.

Таксама, лічаць эканамісты, у Беларусі важна ствараць эфектыўныя механізмы павышэння кваліфікацыі работнікаў, каб асобы перадпенсійнага ўзросту, якія часта падпадаюць пад скарачэнні, маглі знайсці месца працы.

„Ключавая задача сёння — павысіць узровень дапамогі па беспрацоўі да велічыні пражытачнага мінімуму, каб усе людзі, якія па нейкіх прычынах засталіся без працы, маглі на працягу шасці месяцаў яе атрымліваць. Другую задачу, якую адначасова з гэтай неабходна вырашаць, — стварыць рэальна дзейныя праграмы перакваліфікацыі, каб людзі маглі знайсці ў будучыні працоўнае месца на рынку працы”, — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН Аляксандр Чубрык.