МВФ рэкамендуе адмяніць мэтавы паказчык павышэння зарплат да 500 долараў
Міжнародны валютны фонд рэкамендуе ўладам Беларусі адмяніць мэтавы паказчык па штомесячнай зарплаце, які павінен быць дасягнуты да канца 2017 года. Пра гэта гаворыцца ў заяве персаналу МВФ паводле вынікаў працы місіі ў Менску.
Раней беларускія ўлады і асабіста кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка паставілі задачу па павелічэнні сярэдняй заработнай платы да канца 2017 года да 500 долараў у эквіваленце.
Персанал МВФ, які знаходзіўся ў межах місіі ў Менску з 26 кастрычніка, прыйшоў да высновы, што гэты арыенцір варта адмяніць і даць прадпрыемствам магчымасць карэктаваць зарплату ў залежнасці ад прадукцыйнасці працы. „Дасягненне наяўнай мэты па заработнай плаце прывядзе да значнага павелічэння выдаткаў на аплату працы, якія аслаблены карпаратыўны сектар не ў стане несці. Падатак на сацыяльнае ўтрыманства варта адмяніць”, — гаворыцца ў заяве МВФ паводле вынікаў місіі.
Фонд таксама рэкамендуе скарэктаваць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва, зніжаць затраты, дасягнуць узроўню поўнай кампенсацыі выдаткаў на працягу двух гадоў.
„Гэта дазволіць ліквідаваць палітыку перакрыжаванага субсідавання, якая абцяжарвае прадпрыемствы і дапускае неэфектыўнае выкарыстанне. Існае субсідаванне цэн для насельніцтва варта замяніць пашыранай і больш адраснай сістэмай падтрымкі ў мэтах кампенсацыі наступстваў для найменш забяспечаных слаёў насельніцтва. У больш шырокім сэнсе для змякчэння наступстваў рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў варта мадэрнізаваць сістэму сацыяльнай падтрымкі, у тым ліку сістэму падтрымкі беспрацоўных”, — падкрэсліваецца ў заяве МВФ.
Выступаючы на прэс-канферэнцыі 9 лістапада ў Мінску, кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусі неабходна зарэзерваваць сродкі для сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. „Вельмі важна, каб урад аказаў падтрымку тым катэгорыям грамадзян, якія апынуцца ва ўразлівым становішчы ў працэсе трансфармацыі эканомікі. Такія меры падтрымкі павінны ўключаць выплату дапамогі па беспрацоўі, рэалізацыю праграм па перакваліфікацыі работнікаў”, — сказаў кіраўнік місіі.
Паводле яго слоў, у залежнасці ад пакета мер аб’ём фінансавання, які можа спатрэбіцца для сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, будзе вар’явацца. „Мы рэкамендуем ураду прадугледзіць ад 500 млн да 1 млрд долараў для рэалізацыі праграм па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва”, — рэзюмаваў Долман. БелаПАН