МВФ рэкамендуе Беларусі паскорыць рэформы



Дырэктары Міжнароднага валютнага фонду прынялі да ведама зацікаўленасць уладаў Беларусі ў праграме, што падтрымліваецца рэсурсамі фонду, і падкрэслілі важнасць цвёрдай прыхільнасці на самым высокім узроўні да паслядоўнай макраэканамічнай палітыкі і да глыбокіх, заснаваных на рынкавых прынцыпах рэформаў.

МВФ

Пра гэта гаворыцца ў ацэнцы выканаўчага савета дырэктараў МВФ паводле вынікаў завершанага 2 верасня разгляду кансультацый з Беларуссю па артыкуле IV статута фонду.

Члены выканаўчага савета, у прыватнасці, віталі меры, што прымаліся з пачатку 2015 года афіцыйнымі органамі, па стабілізацыі эканомікі і пачатак правядзення інстытуцыйных і структурных рэформаў у кантэксце складаных эканамічных умоў.

Разам з тым дырэктары падкрэслілі, што для зніжэння фактараў макрафінансавай уразлівасці, аднаўлення буферных рэзерваў і павышэння тэмпаў росту эканомікі і занятасці неабходна правесці паслядоўныя і маштабныя рэформы.

Кіраўнікі МВФ падкрэслілі важнасць правядзення паглыбленых рэформ у мэтах раскрыцця патэнцыялу росту. Яны настойліва заклікалі да рэалізацыі комплекснай стратэгіі рэформаў у дачыненні да дзяржпрадпрыемстваў з мэтай павышэння іх прадукцыйнасці і эфектыўнасці, а таксама змяншэння бюджэтных рызык. У ліку такіх мер павінны быць больш надзейнае карпаратыўнае кіраванне і нагляд і больш выразныя механізмы па працы з праблемнымі структурамі.

Савет дырэктараў МВФ таксама рэкамендаваў вызначыць дакладныя, раўнамерныя і паслядоўныя меры для дасягнення поўнай кампенсацыі выдаткаў у сферы камунальных паслуг да канца 2018 года.

Дырэктары фонду падкрэслілі, што вырашальнае значэнне будзе мець паляпшэнне дзелавога клімату, у тым ліку праз дзеянні ў мэтах ўступлення ў СГА і крокі па пашырэнні канкурэнцыі на таварных рынках.

Афіцыйным органам рэкамендавана працягнуць працу над умацаваннем бюджэтнай асновы. У савеце дырэктараў МВФ адзначылі, што некаторае аслабленне магчымае ў кароткатэрміновым плане, улічваючы глыбокую рэцэсію і адмоўны разрыў паміж фактычным і патэнцыйным аб’ёмамі вытворчасці. За гэтым павінна ісці паступовая сярэднетэрміновая бюджэтная кансалідацыя з мэтай скарачэння дзярждоўгу, але з захаваннем магчымасцяў для пашыранай сістэмы сацыяльнай абароны і капітальных расходаў. Таксама будуць важныя далейшыя пенсійныя рэформы.

Дырэктары МВФ заклікалі беларускія ўлады да правядзення асцярожнай грашова-крэдытнай палітыкі ў мэтах захавання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці, у тым ліку з дапамогай узмацнення жорсткасці грашова-крэдытных агрэгатаў у выпадку неабходнасці. Яны віталі планы афіцыйных органаў па паступовым пераходзе ад колькасных мэтавых паказчыкаў да таргетавання інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Падкрэсленая важнасць працягу працы па паступовай адмене дырэктыўнага крэдытавання і кантролю над цэнамі, а таксама гарантый таго, што прудэнцыйная ліміты ў адносінах ад працэнтных ставак з’яўляюцца часовай мерай.

Дырэктары МВФ таксама віталі адмену практыкі множных абменных курсаў і пераход да больш гнуткага абменнага курсу. Яны падкрэслілі важнасць падтрымання гнуткасці абменнага курсу і аднаўлення знешніх буферных рэзерваў, калі гэта дазваляе сітуацыя.

Кіраўнікі фонду заклікалі афіцыйныя органы выканаць рэкамендацыі, дадзеныя паводле вынікаў правядзення ацэнкі стабільнасці фінансавай сістэмы, у тым ліку аб пераходзе да незалежнага і заснаванага на ацэнцы рызык нагляду за фінансавым сектарам, рэалізацыі ўсёабдымнай стратэгіі ўрэгулявання праблемы крэдытаў, якія не абслугоўваюцца, у спалучэнні з рэструктурызацыяй прадпрыемстваў, аб умацаванні мер макрапрудэнцыйнай палітыкі па зніжэнні рызык валютнай ліквіднасці ў сувязі з даларызацыяй, а таксама аб фармаванні дзейснай сістэмы фінансавай абароны. Яны рэкамендавалі прыняць меры ў дачыненні да недахопаў, выяўленых у выніку праверкі якасці актываў вядучых банкаў. Дырэктары МВФ таксама падкрэслілі, што Банк развіцця павінен захоўваць сваю абмежаваную і дакладна вызначаную ролю.

У выканаўчы савет МВФ ўваходзяць 24 дырэктары, кожны з якіх прадстаўляе краіну або групу краін. Усяго членамі МВФ з’яўляюцца 189 дзяржаў.

Беларускія ўлады разлічваюць на новую праграму супрацоўніцтва з фондам, запытваючы ў яго крэдыт на 3 млрд даляраў пад 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў.

belapan.by