МВФ рэкамендуе Беларусі правесці „больш рашучыя рэформы”



Міжнародны валютны фонд лічыць, што беларускім уладам варта пайсці на больш рашучыя рэформы з мэтай паскарэння тэмпаў эканамічнага росту. Такая пазіцыя фонду выкладзеная ў заяве, распаўсюджанай паводле вынікаў працы місіі МВФ у Менску.

Місія знаходзілася ў беларускай сталіцы з 5 па 15 лістапада і займалася вывучэннем макраэканамічнай сітуацыі.

У заяве фонду гаворыцца, што манетарная палітыка ўладаў дазволіла знізіць інфляцыю да гістарычнага мінімуму, і цяпер краіна знаходзіцца ў працэсе ўстойлівага цыклічнага аднаўлення эканамічнага росту.

„Аднак сярэднетэрміновыя перспектывы застаюцца стрыманымі пры адсутнасці больш рашучых рэформаў. Трэндавы эканамічны рост у Рэспубліцы Беларусь значна запаволіўся ў параўнанні з перыядам да 2008 года”, — падкрэсліваецца ў заяве МВФ.

Персанал фонду адзначае, што эканамічная сістэма Беларусі, вядучую ролю ў якой адыгрывае дзяржава, забяспечыла поўную занятасць, аднак яна таксама прывяла да нерацыянальнага размеркавання працоўнай сілы і капіталу і зніжэння прадукцыйнасці.

„Улічваючы гэтыя тэндэнцыі, мы прагназуем сярэднетэрміновы рост прыблізна 2%, а гэта ніжэй за тое, што неабходна для адчувальнага павышэння ўзроўню жыцця і набліжэння Беларусі да паказчыкаў багацейшых краін рэгіёна”, — гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, лічаць эксперты, пад уплывам укаранёных фактараў уразлівасці на макраўзроўні эканоміка аказваецца схільнай да ўздзеяння зменаў знешніх умоў.

„Абмежаванасць дыверсіфікацыі гандлю і фінансавання робіць Беларусь ўспрымальнай да шокаў, якія ўздзейнічаюць на вузкае кола тавараў і партнёраў. У гэтым кантэксце пры любым ўзмацненні глабальнай геапалітычнай напружанасці Беларусь можа апынуцца ў надзвычай складанай сітуацыі, улічваючы яе глыбокія гандлёвыя і фінансавыя сувязі з Расеяй”, — мяркуюць эканамісты МВФ.

Яны канстатуюць, што Беларусь па-ранейшаму залежыць ад значных зніжак і трансфертаў ад Расеі, звязаных з пастаўкамі энерганосьбітаў, і зыход двухбаковых перамоў аб кампенсаванні наступстваў падатковага манеўру будзе мець важнае значэнне для эканомікі.

„У фінансавым сектары высокая даларызацыя вядзе да стварэння як рызыкі ліквіднасці, так і крэдытнай рызыкі… Дзяржаўны доўг значна вырас за апошнія дзесяць гадоў, што не ў апошнюю чаргу звязана з тым, што высокая доля доўгу ў замежнай валюце робіць доўг адчувальным да аслаблення абменнага курсу”, — адзначае МВФ.

БелаПАН