МВФ рэкамендуе стварыць савет па забеспячэнні фінансавай стабільнасці



Міжнародны валютны фонд раіць беларускім уладам стварыць ў 2016 годзе савет па забеспячэнні фінансавай стабільнасці з ліку высокапастаўленых службовых асоб.

МВФ

Па інфармацыі БелаПАН, такая рэкамендацыя была дадзеная па выніках красавіцкага візіту місіі МВФ у Беларусь.

Сумесная місія МВФ і Сусветнага банка працавала ў Беларусі з 5 па 21 красавіка, ацэньваючы фінансавы сектар краіны.

У савет па забеспячэнні фінансавай стабільнасці МВФ прапануе ўключыць кіраўніка Нацыянальнага банка і віцэ-прэм`ера ўрада, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства эканомікі і Міністэрства фінансаў.

Мяркуецца, што савет будзе займацца маніторынгам фінансавай стабільнасці і выпрацоўваць канкрэтныя меры, накіраваныя на яе забеспячэнне. У прыватнасці, МВФ прапануе савету збіраць на пастаяннай аснове інфармацыю аб фінансавым стане нехеджыраваных валютных пазычальнікаў (атрымальнікаў валютных крэдытаў, якія не маюць валютнай выручкі) і прымаць меры для дэдаларызацыі эканомікі.

Ураду і Нацбанку трэба аператыўна прыняць узгодненае рашэнне аб стварэнні савета па забеспячэнні фінансавай стабільнасці, лічаць у МВФ.

Паводле інфармацыі БелаПАН, эксперты фонду, якія ў межах красавіцкай місіі правялі серыю сустрэч з органамі дзяржкіравання і банкамі, прыйшлі да высновы, што ў банкаўскай сістэме Беларусі ёсць павышаны ўзровень рызыкаў, звязаных у першую чаргу з пагаршэннем фінансавага становішча дзяржпрадпрыемстваў.

Паводле ацэнкі МВФ, крэдытная рызыка, якая можа рэалізавацца ў выпадку пагаршэння плацежаздольнасці найбуйнейшых пазычальнікаў, з`яўляецца асноўным фактарам уразлівасці беларускіх банкаў.

Беларускія эканамісты лічаць мэтазгодным прапанову аб стварэнні савета па забеспячэнні фінансавай стабільнасці на дзяржаўным узроўні.

„Мы назіраем сёння рост праблемных актываў у банкаўскай сістэме, і гэта — адна з найбольш сур`ёзных пагроз для эканомікі — адзначыў у каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук. — Калі банкі не змогуць выконваць свае абавязацельствы, гэта здольна спарадзіць новую хвалю спаду ў нацыянальнай эканоміцы. Таму стварэнне савета, які б займаўся забеспячэннем фінансавай стабільнасці, — вельмі важная задача.

За першы квартал 2016 года аб`ём праблемных актываў беларускіх банкаў у грашовым выражэнні павялічыўся больш чым у 1,7 разу — з 27,7 трлн. рублёў на 1 студзеня да 48,16 трлн. рублёў на 1 красавіка. Рост дрэнных крэдытаў узмацняе ціск на бюджэт, паколькі паручыцелем па такіх запазычанняў у шэрагу выпадкаў выступае дзяржава, адзначаюць эксперты. „У нас шматлікія праблемы, якія ўсплываюць у банкаўскім сектары, за кошт „наштампаваных” раней дзяржгарантый будуць перакладацца на бюджэт. 2015 год паказаў, што расходы бюджэту, звязаныя з выкананнем гарантый, істотна перавысілі прадугледжаныя на гэтыя мэты сумы. Такім чынам, нагрузка на дзяржфінансы павялічваецца”, — канстатуе Крук.

Паводле даных Мінфіна, у 2015 годзе выкананыя гарантыі ўрада па ўнутраных крэдытах, выдадзеных банкамі, на агульную суму 6,9 трлн. рублёў, што ў два разы больш, чым у 2014 годзе і на 3,5 трлн. рублёў перавысіла зацверджаныя на гэтыя мэты расходы.