МВФ рэкамендуе стварыць у Беларусі падраздзяленне па фіскальных рызыках
На базе Міністэрства фінансаў Беларусі варта стварыць спецыяльнае падраздзяленне, якое будзе займацца вывучэннем фіскальных рызык, звязаных з дзейнасцю дзяржсектара. Паводле інфармацыі БелаПАН, такога меркавання прытрымліваюцца эксперты Міжнароднага валютнага фонду, якія ў чэрвені прыязджалі ў Менск.
Паводле ацэнкі МВФ, абавязацельствы найбуйнейшых прадстаўнікоў дзяржсектара ўжо перавышаюць палову ВУП Беларусі. Ва ўмовах калі фінансавае становішча шматлікіх дзяржпрадпрыемстваў пагоршылася, істотна ўзраслі фіскальныя рызыкі (якія ўзнікаюць у бюджэтнай сферы ў сувязі з узаемадзеяннем дзяржавы з дзяржсектарам).
Эксперты фонду лічаць, што фіскальныя рызыкі могуць выражацца ў прамых выдатках для беларускага бюджэту ў сувязі з атрыманнем меншых дывідэндаў і падаткаў ад дзяржпрадпрыемстваў.
Акрамя таго, на думку МВФ, рызыкі для бюджэту звязаныя з тым, што ва ўмовах пагаршэння фінансавага становішча дзяржпрадпрыемстваў могуць спатрэбіцца субсідыі на пакрыццё расходаў па стратных кірунках дзейнасці. Фонд таксама бачыць фіскальныя рызыкі ў тым, што могуць спатрэбіцца дадатковыя бюджэтныя расходы на выкананне дзяржгарантый па крэдытах, раней выдадзеных дзяржпрадпрыемствам.
У сувязі з гэтым, паводле інфармацыі БелаПАН, МВФ рэкамендуе неадкладна стварыць у складзе Міністэрства фінансаў падраздзяленне па фіскальных рызыках. Мяркуецца, што такое падраздзяленне будзе праводзіць рэгулярны маніторынг фінансавага становішча дзяржсектара, аналізаваць абавязацельствы дзяржпрадпрыемстваў і выпрацоўваць ахоўныя меры для зніжэння фіскальных рызык.
Беларускія эканамісты згодныя з неабходнасцю правядзення работы па выяўленні фіскальных рызык. „Фінансавае становішча дзяржпрадпрыемстваў, мы бачым, дастаткова складанае. З улікам таго, што дзяржпрадпрыемствы атрымліваюць дзяржгарантыі па крэдытах, сродкі з бюджэту, неабходна пільна кантраляваць фінансавы стан дзяржсектара і разумець, якія прадпрыемствы варта падтрымліваць, а якія не”, — адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.
Раней Мінфін выказваў занепакоенасць у сувязі з ростам гарантаванага доўгу ўрада. За 2015 год гэты паказчык павялічыўся на 25 трлн. рублёў (37,2%) і дасягнуў 93 трлн. рублёў (9,4% да ВУП).
Паводле ацэнак Мінфіна, рост гарантаванага доўгу на фоне павелічэння аб’ёмаў выканання гарантыйных абавязацельстваў фарміруе „дадатковыя рызыкі для выканання бюджэту”. У 2015 годзе выкананы гарантыі ўрада па ўнутраных крэдытах, выдадзеных банкамі, на агульную суму 6,9 трлн. рублёў, што ў два разы больш у параўнанні з 2014 годам.
Варта адзначыць, што праблема фіскальных рызык падымалася на мінулым тыдні падчас пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка. Як адзначаў падчас пасяджэння рэгулятар, „застаюцца значнымі асноўныя рызыкі для фінансавай стабільнасці”, звязаныя з пагаршэннем фінансавых вынікаў дзейнасці значнай колькасці дзяржарганізацый, высокай крэдытнай рызыкай у банкаўскім сектары, „а таксама высокім узроўнем фіскальных рызык”.