МВФ рэкамендуе ўладам Беларусі адмяніць дэкрэт № 3



Міжнародны валютны фонд рэкамендуе ўладам Беларусі адмяніць дэкрэт № 3 „Аб сацыяльным утрыманстве”. Пра гэта заявілі эксперты фонда на прэс-канферэнцыі па выніках працы, якая завяршаецца ў Беларусі.

Эканаміст Леў Марголін лічыць, што толькі беларускія ўлады не разумеюць безсэнсоўнасць «дэкрэта пра дармаедаў».

– Гэта такая бязглуздзіца, што зразумела ўсім, толькі не беларускім уладам. Псіхалогія часоў прыгоннага права, што ўсе павінны працаваць, каб у іх не было дурных думак, каб яны не займаліся чымсьці непатрэбным. Яны не разумеюць, што галоўная праблема гэта не тое, каб знайсці людзей і прымусіць іх працаваць. Галоўная праблема – стварыць працоўныя месцы. Прычым не проста працоўныя месцы, а высокаэфектыўныя.

Праект абноўленай версіі «дэкрэту пра дармаедаў» цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Паводле міністра працы Ірыны Касьцевіч, у дэкрэце плануецца «поўная кампенсацыя тых выдаткаў, на якія даюць ільготы з боку дзяржавы». Але якія льготы адбяруць, «будзе яшчэ разглядацца».

Раней паведамлялася, што правялі «карэнную рэканструкцыю» дэкрэту, але ў чым яна заключалася, акрамя зьмены назвы (цяпер, меркавана, будзе звацца «Па спрыянні занятасці»), не ўдакладнялася.

Аляксандар Лукашэнка патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота DW