МВФ: Рэцэсія беларускай эканомікі працягнецца і ў 2017 годзе
Прагноз Міжнароднага валютнага фонду, які агучыў на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Пітэр Долман, не вельмі суцяшальны для беларускай эканомікі. Паводле разлікаў спецыялістаў МВФ, у 2016 годзе ВУП Беларусі знізіцца на 3%, у 2017-м — на 0,5%.
Пітэр Долман: Мы чакаем, што ў Беларусі рэцэсія працягнецца – у гэтым годзе і ў наступным. Пасля гэтага пачнецца паступовае аднаўленне эканомікі. Мы бачым, што ў краінах, якія ёсць ключавымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі, сітуацыя зараз паляпшаецца, але паляпшаецца вельмі павольна. Што тычыцца самой Беларусі, то шмат прадпрыемстваў, асабліва дзяржаўных, знаходзяцца ў складаным стане. Яны не могуць эфектыўна канкураваць.
Пітэр Долман зазначыў, што сітуацыю агулам выратуе толькі рэфармаванне дзяржсектару беларускай гаспадаркі – інакш прыбыткі насельніцтва і надалей будуць падаць услед за крызісам на прадпрыемствах. Паводле Долмана, місія МВФ прапанавала беларускаму ўраду шэраг рэкамендацыі і падкрэсліла неабходнасць іх неадкладнага выканання. На думку Долмана, пры паспяховым рэфармаванні тэмпы эканамічнага росту ў сярэднетэрміновай перспектыве ў Беларусі могуць дасягнуць больш за 4,5% на год.
Беларускае Радыё Рацыя