МВФ следам за Сусветным банкам пагоршыў прагноз па Беларусі



Міжнародны валютны фонд пагоршыў эканамічны прагноз па Беларусі і чакае, што у 2019 годзе беларуская эканоміка вырасце менш чым на 2%. Прагноз МВФ прыводзіцца ў справаздачы World Economic Outlook, у якой фонд ацэньвае перспектывы сусветнай эканомікі.

Згодна з абноўленым прагнозу МВФ, фонд чакае, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасце на 1,8%, у 2020 годзе — на 2,2%. У кастрычніку 2018-га МВФ прагназаваў рост беларускай эканомікі ў 2019 годзе на 3,1%.

Таксама Міжнародны валютны фонд чакае, што ў бягучым годзе інфляцыя ў Беларусі складзе 5% (кастрычніцкая ацэнка была крыху больш песімістычнай — 5,5%).

У той жа час МВФ мяркуе, што дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі ў 2019 годзе складзе 4% ВУП (кастрычніцкая ацэнка — 4,2%).

На думку спецыялістаў МВФ, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый будзе ў тым ліку абумоўлены негатыўным уплывам падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі на плацежны баланс Беларусі.

Нагадаем, на мінулым тыдні Сусветны банк абвясціў пра пагаршэнне эканамічнага прагнозу па Беларусі і таксама звярнуў увагу на магчымы негатыўны ўплыў падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі на беларускую эканоміку.

Згодна з красавіцкай ацэнкай Сусветнага банка, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 2,2%, у 2020-м — 2,4%, у 2021-м — 2,1%. У параўнанні са студзеньскай ацэнкай Сусветнага банка эканамічны прагноз па Беларусі на 2019—2021 гады пагоршаны на 0,5, 0,1 і 0,4 працэнтнага пункта адпаведна.

„Пры адсутнасці кампенсацыі стратаў, звязаных з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі, эканамічны рост у Беларусі замарудзіцца да ўзроўню ніжэйшага за 2%, а дэфіцыт рахунку наяўных аперацый можа павялічыцца, і спатрэбіцца дадатковая кансалідацыя бюджэту”, — прагназуюць эканамісты Сусветнага банка.

Пры найгоршым сцэнарыі (без кампенсацыі стратаў з-за падатковага манеўру) беларуская эканоміка „можа скаціцца ў рэцэсію”, лічаць эксперты Сусветнага банка.

Як паведамлялася, у студзені—лютым ВУП Беларусі вырас на 0,8%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў прадугледжвае, што сёлета рост ВУП павінен скласці 4%.

belapan.by