МВФ: Выйсці на высокія тэмпы росту Беларусі будзе вельмі складана



Забяспечыць ўстойлівыя і высокія тэмпы эканамічнага росту Беларусі будзе вельмі складана. Такое меркаванне выказаў старэйшы рэгіянальны пастаянны прадстаўнік МВФ па рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Бас Бакер, выступаючы 3 лістапада падчас дыскусіі на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску. „Вярнуцца да хуткага і ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі будзе вельмі складана. Стварэнне макраэканамічных умоў, забеспячэнне стабільнасці само па сабе нічога не дасць. Пытанне ўпіраецца ў аддачу ад інвестыцый, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў і развіццё прыватнага сектара”, — сказаў Бас Бакер.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў 2000-я гады тэмпы росту маскіравалі стагнацыю прадукцыйнасці. „У Беларусі ключавым фактарам эканамічнага росту з’яўляўся высокі ўзровень інвестыцый. Рост прадукцыйнасці запавольваўся, і ў выніку павелічэнне капіталу на аднаго работніка прывяло да зніжэння росту выпуску”, — зазначыў прадстаўнік МВФ.

Паводле яго слоў, такі вынік быў заканамерным. „Выкарыстанне капіталу было неэфектыўным. У многіх выпадках ён выкарыстоўваўся для выратавання нежыццяздольных дзяржпрадпрыемстваў замест прадуктыўнай падтрымкі новых кампаній”, — растлумачыў Бас Бакер.

Высокі ўзровень дзяржаўных інвестыцый або інвестыцый дзяржпрадпрыемстваў сам па сабе недастатковы, паколькі прывядзе да зніжэння прадукцыйнасці капіталу. Неабходныя больш эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў і дынамічны прыватны сектар, узмацненне канкурэнцыі і бюджэтныя абмежаванні для рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў, падкрэсліў прадстаўнік валютнага фонду.

Як паведамлялася раней, сёлета МВФ і Беларусь прыпынілі перамовы аб новай крэдытнай праграме. Улады не падтрымалі рэкамендацыі МВФ па хуткасці рэформаў. Паводле прагнозаў валютнага фонду, з-за адсутнасці рэформаў рост беларускай эканомікі ў 2017 і 2018 гадах будзе заставацца нізкім — на ўзроўні 0,7%. БелаПАН