МВФ заўважна палепшыў прагноз для беларускай эканомікі
Міжнародны валютны фонд у кастрычніцкай справаздачы World Economic Outlook палепшыў прагноз для эканомікі Беларусі.
Так, паводле ацэнак эканамістаў фонду, у 2018 годзе рост ВУП у Беларусі можа скласці 4%. Гэта значна лепш папярэдняй ацэнкі МВФ — у красавіцкай справаздачы World Economic Outlook фонд ацэньваў рост беларускай эканомікі ў бягучым годзе на ўзроўні 2,8%.
Таксама, згодна з кастрычніцкай ацэнкай аналітыкаў фонду, у 2019 годзе ВУП у Беларусі вырасце на 3,1% супраць 2,4% папярэдняга прагнозу.
МВФ таксама скарэктаваў прагноз па інфляцыі ў Беларусі. Цяпер чакаецца, што яна у 2018 годзе не перавысіць 5,5% і столькі ж складзе ў 2019 годзе. Раней эксперты фонду меркавалі, што рост спажывецкіх цэн сёлета складзе 6%.
Інфляцыя ў Беларусі за восем месяцаў з пачатку года склала 2,9%. Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год спажывецкія цэны павінны павялічыцца не больш чым на 6%. Згодна з апошняй ацэнкай Нацбанка, інфляцыя чакаецца на ўзроўні каля 5,5%.
Паводле прагнозу уладаў, прырост ВУП Беларусі у 2018 годзе складзе не менш за 3,5%. БелаПАН