МВФ значна пагоршыў прагноз сітуацыі ў эканоміцы Беларусі ў 2021 годзе



Міжнародны валютны фонд (МВФ) значна пагоршыў прагноз сітуацыі ў эканоміцы Беларусі ў 2021 годзе.

Як вынікае з апублікаванага МВФ 6 красавіка прагнозу стану сусветнай эканомікі World Economic Outlook, фонд чакае зніжэння сёлета беларускага ВУП на 0,4%. У папярэднім, кастрычніцкім, прагнозе фонд прадказваў рост ВУП Беларусі ў 2021 годзе на 2,2%.

МВФ таксама прыкметна пагоршыў ацэнку сярэднегадавой інфляцыі ў Беларусі. На думку экспертаў фонду, сёлета яна складзе 6,9%. Раней яны прагназавалі рост спажывецкіх цэн у Беларусі на 5,1%.

Паводле ацэнкі МВФ, у 2022 годзе ВУП Беларусі можа вырасці на 0,8%, а інфляцыя — запаволіцца да 5,5%.

Варта зазначыць, што ацэнка МВФ адносна стану беларускай эканомікі выглядае больш аптымістычна, чым у сакавіцкім прагнозе Сусветнага банка, на думку экспертаў якога леташняе зніжэнне ВУП Беларусі (на 0,9%) будзе паглыбляцца ў 2021 годзе да 2,2%.

Аналітыкі мяркуюць, што негатыўны трэнд будзе звязаны з адсутнасцю рэформаў, палітычнай напружанасцю ў краіне і адмоўным уплывам на Беларусь расейскага „падатковага манеўру”. Пры гэтым у банку адзначаюць, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі будзе шмат у чым залежаць ад магчымасці краіны прыцягнуць знешняе фінансаванне.

Паводле ацэнак Сусветнага банка, інфляцыя ў Беларусі ў 2021 годзе можа скласці 8,2% супраць 7,4% у 2020-м.

belapan.by