Мядзведзеў заклікаў краіны СНД выконваць дагавор аб зоне свабоднага гандлю
„Калі мы цалкам рэалізуем закладзеныя ў ім палажэнні, то ў нашых эканоміках знікнуць непатрэбныя выдаткі і будзе забяспечаны рост тавараабароту”, — заявіў прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 3 лістапада ў Ташкенце на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Ён зазначыў, што за апошні год у гэтым напрамку дасягнутыя пэўныя поспехі, ва ўзаемным гандлі „сталі трохі больш стрымана прымяняцца ахоўныя антыдэмпінгавыя меры, зніжаныя стаўкі мытных пошлін па асобных групах тавараў”. „Але разам з тым гэтага недастаткова. Неабходная сістэмная зацікаўленая работа ўсіх удзельнікаў дамовы па зняцці бар’ераў, па спрашчэнні працэдур, па ўвядзенні тэхналогій. Толькі так мы зможам дамагчыся якасных змен у гандлёвым рэжыме і стварыць на прасторы СНД канкурэнтныя ўмовы для бізнесу”, — цытуе Мядзведзева ТАСС.
Расейскі прэм’ер праінфармаваў савет аб станоўчай дынаміцы ў галіне ўзаемнага гандлю. „Сёлета, гэта ўсе адзначылі, ёсць станоўчая дынаміка ўзаемнага гандлю, мы выйшлі ў рост, — сказаў ён, выступаючы на пасяджэнні савета ў шырокім складзе. — Тавараабарот у рамках СНД за першае паўгоддзе павялічыўся прыкладна на чвэрць, таваразварот з трэцімі краінамі — амаль на 27%”.
Мядзведзеў таксама паведаміў, што падчас абмеркавання гэтага пытання ў вузкім складзе былі намечаныя далейшыя меры па замацаванні эканамічных поспехаў. Ён запэўніў, што Расея, як і раней, „прытрымліваецца каштоўнасцяў і стратэгічных мэтаў Садружнасці, мае намер і надалей умацоўваць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах на аснове прынцыпаў раўнапраўя, даверу і добрасуседства”.
Пра неабходнасць канкрэтных дзеянняў казаў 11 кастрычніка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы і прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што мэта кожнага рэгіянальнага аб’яднання — ўзаемная адкрытасць рынкаў і роўныя ўмовы гаспадарання. „Мы маем для гэтага добрую аснову — дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Ён прадугледжвае, што адным з наступных крокаў павінна стаць забеспячэнне роўных умоў доступу да дзяржзакупак. Летась пяццю дзяржавамі падпісаны пратакол аб правілах і працэдурах рэгулявання дзяржзакупак. Ідзе праца па яго рэалізацыі . Пад гэтым дакументам няма подпісаў асобных кіраўнікоў дзяржаў: Казахстана, Малдовы і Украіны. А гэта значыць, што мы зноў будзем мець выключэнні. З аднаго боку, заяўляем пра адкрытасць у гандлі, з іншага — не дапускаем адзін аднаго да закупаук у дзяржсектары, які фарміруе буйную долю рынку”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Асобнае пытанне, паводле яго слоў, датычыцца стварэння зоны свабоднага гандлю паслугамі. „Усе выдатна ведаюць, як ідзе праца над адпаведным пагадненнем. Збіраюцца эксперты, бяруць стары тэкст, мяняюць месцамі абзацы і накіроўваюць дакумент на разгляд. Праз два-тры месяцы сітуацыя паўтараецца. І так гадамі. У праекта каардынатара няма, а выканкам, шчыра кажучы, з гэтай роляй не справіўся”, — падкрэсліў Лукашэнка. БелаПАН