Мясніковіч: Беларусі не хапае навуковых праектаў нацыянальнага маштабу
Беларусі не хапае навуковых праектаў нацыянальнага маштабу, заявіў журналістам 12 снежня старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, які ўдзельнічае ў II з’ездзе вучоных.
„Хацелася б, каб у нас было больш нацыянальных праектаў, вялікіх праектаў нацыянальнага характару, якія дазвалялі б сур’ёзна развіваць як традыцыйныя, так і новыя галіны, а не толькі асобныя нейкія прадпрыемствы або вытворчасці, цэлыя новыя галіны і віды дзейнасці”, — сказаў Мясніковіч, які ўзначальваў НАН у 2001—2010 гадах.
Паводле слоў старшыні верхняй палаты парламента, такія праекты могуць з’явіцца не толькі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, але і ў нафтахіміі, фармацэўтыцы, сферы біятэхналогій. „Я не буду шмат казаць пра „ІТ-краіну”, гэтаму ўжо шмат нададзена ўвагі. Але ў нас вельмі шмат іншых сфер. Могуць быць запатрабаваныя, напрыклад, пытанні хіміі. У нас хімія палімераў, хімія глыбокай перапрацоўкі нафты — ёсць добрыя ўзаемаадносіны з Расійскай Федэрацыяй, мы купляем вуглевадародную сыравіну ў аптымальных колькасцях. І наша задача не толькі зрабіць паўфабрыкат, але мы можам зрабіць і прадукцыю з больш высокім дабаўленым коштам, якая можа быць запатрабавана на глабальных рынках. У гэтым вельмі вялікая перспектыва”, — лічыць спікер СР НС.
Мясніковіч таксама адзначыў, што краіна прыкладна на 50% забяспечвае сябе сваімі лекавымі сродкамі. „Я рэальна ацэньваю сітуацыю. Вядома, імпартазамяшчэнне стопрацэнтным не зробіш і да гэтага не трэба імкнуцца, але трэба рабіць усё для таго, каб мы сінтэзавалі вельмі якасныя субстанцыі і атрымлівала развіццё беларуская фармакалогія”, — адзначыў ён.
На думку Мясніковіча, падобныя маштабныя даследаванні можна было б праводзіць і ў межах праграм Саюзнай дзяржавы. „Вось гэты элемент неяк не запатрабаваны. Гэта мяне вельмі турбуе ў маёй практычнай парламенцкай дзейнасці. Я ўвесь час звяртаю ўвагу інтэграцыйных структур, што трэба не другараднымі нейкімі рэчамі займацца, можа быць, таксама важнымі і патрэбнымі, але мы глядзець павінны на перспектыву — што будзе запатрабавана праз 10-20 гадоў. А для гэтага трэба аб’яднаць інтэлектуальны, вытворчы, сыравінны патэнцыял і зрабіць магутныя кампаніі сумесна з Расіяй ці ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Пакуль гэтых ініцыятываў няма, ці яны настолькі нясмелыя і ўвесь гэты працэс забюракратызаваны, што некаторыя навукоўцы, я ведаю, адмаўляюцца нават прапаноўваць гэтыя праграмы — у працэсе ўзгаднення, адпрацоўкі гэта можа страціць сваю актуальнасць”, — заявіў Мясніковіч.
belapan.by