Мясніковіч прапаноўвае стварыць у Польшчы СП па вытворчасці электратранспарту
Беларусь прапаноўвае Польшчы стварыць сумесныя магутнасці па вытворчасці электратранспарту. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, заявіў старшыня верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч 13 лютага ў Варшаве на сустрэчы з міністрам прадпрымальніцтва і тэхналогій Польшчы, сустаршынёй беларуска-польскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве Ядвігай Эмілевіч.
„Беларускім бокам прапанаваныя канкрэтныя меры па актывізацыі інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Цяпер у Беларусі працуе 3,3 тыс. кампаній з Еўрасаюза, з польскім капіталам — толькі 339. Міністр падтрымала гэты кірунак. У дэталях разгледжаныя пытанні прамых інвестыцый і экспартнага крэдытавання. Бакі аднадушныя ў неабходнасці працы міжурадкамісіі на рэгулярнай аснове з абмеркаваннем канкрэтных пытанняў”, — адзначылі ў прэс-службе.
Мясніковіч прапанаваў аднавіць дзейнасць сумеснай рабочай групы па энергетыцы, павялічваць аб’ёмы транспартна-лагістычных паслуг. Польскі бок, у сваю чаргу, выказаў зацікаўленасць у імпарце лесаматэрыялаў. Міністр запэўніў у падтрымцы Беларусі ў працэсе яе ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Таксама кіраўнік Савета Рэспублікі сустрэўся са старшынёй Нацыянальнай эканамічнай палаты Польшчы Анджэем Арандарскім і старшынёй Польскай акадэміі навук Ежы Душыньскім. „Беларускі бок прапанаваў у прыярытэтным парадку разгледзець перспектывы стварэння ў Беларусі сумесных кампаній з польскім капіталам па вытворчасці медыкаментаў, хімічных сродкаў абароны раслін, ветэрынарных прэпаратаў, буйнатанажнай хіміі — тых, дзе беларускі і польскі бакі маюць дастатковы ўзровень кампетэнцыі”, — паведамілі ў прэс службе.
Мясніковіч унёс прапанову аб каардынацыі дзеянняў у рамках кітайскага праекта „Адзін пояс, адзін шлях”. Паводле яго слоў, асаблівую цікавасць маюць сумесныя ініцыятывы па ўзаемным прызнанні сертыфікатаў тавараў, якія вырабляюцца кампаніямі дзвюх краін. Бакі таксама дамовіліся восенню правесці форум моладзі і „разгледзець стартапы студэнтаў і маладых бізнесменаў”.
Польскі бок выказаў зацікаўленасць у развіцці транспартнай інфраструктуры на тэрыторыі Польшчы ў Брэсцкім і Беластоцкім напрамках.
На сустрэчы з Душыньскім абмеркаваныя пытанні паглыблення навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. „Дэталёва разгледжаныя пытанні ўзаемадзеяння вучоных дзвюх краін па тэматыцы пытанняў Белавежскай пушчы, барацьбы з афрыканскай чумой свіней. Дасягнутая дамоўленасць аб прапрацоўцы сумесных навуковых праектаў з прыцягненнем фінансавання са сродкаў Еўрасаюза. Ёсць згода Польскай акадэміі навук па фарміраванні заявак на сумесныя беларуска-польскія навуковыя праекты. Беларускі бок прапанаваў таксама супрацоўніцтва ў сферы біяінжынерных тэхналогій”, — адзначылі ў прэс-службе.
Як паведамілі ў верхняй палаце, „агучаная ініцыятыва разгледзець пытанне сумеснай падрыхтоўкі навуковага выдання па беларуска-польскай гісторыі, арганізацыі канферэнцый і круглых сталоў па гэтай тэматыцы, дэталёва разгледжаныя пытанні ўзаемных акадэмічных абменаў”.
Мясніковіч наведвае Польшчу з 11 па 14 лютага. Запланаваная яго сустрэча з прэзідэнтам краіны Анджэем Дудам.
Фота Sputnik Беларусь