Мясны недабуд паміж Лідай і Гутнам



Днямі цалкам знятая ахова ля гіганцкага недабудаванага мясакамбіната, што мусіў напачатку веку ўзнікнуць у трох км ад Ліды. Штодзень там планавалася забіваць па 6-8 тысяч галоў ската, магло захоўвацца да 50 тысяч тон мяса. Яшчэ перад развалам СССР ён быў збудаваны на 85 %. Але разлікі навучаных “мысліць дзёрзка” тагачасных чыноўнікаў пацярпелі поўнае фіяска. Асабліва што тычыць наяўнасці такой колькасці кармоў для свіней. Таксама была закуплена італьянская лінія па раздзелцы мяса, якая, з-за якасці “матэрыяла”, спынілася яшчэ ў часе вопытных іспытаў. У выніку, недабуд ператварыўся зараз ў гіганцкую звалку металалома. Расказвае ў нядаўнім мінулым майстра электрацэху мясакамбіната, сябар Партыі БНФ Уладзімір Круцікаў.

Круцікаў: “Гэты велізарнейшы помнік бесгаспадарчасці і гігантаманіі яшчэ часоў СССР бачаць усе, хто ўяжджае ў Ліду з боку Вільні. Першапачаткова ідэя была закрыць усе мясакамбінаты ў Гарадзенскай вобласці і звозіць увесь скот пад Ліду. Дайце веры – гэта мусіла быць да 300 тысяч галоў. Лічыце самі – у Геранёнах быў комплекс на 100 тысяч свінчо, столькі ж у Смаргоні і 80 тысяч ля Гародні. Была зробленая адмысловая пад’яздная чыгунка, зманціраваныя кампрэсійная і халадзільная камеры. Дарэчы, у 90-я годы ў Гарадзеншчыне на чалавека гадавалася, паводле статыстыцы, ажно па 176 кг мяса ў жывой вазе. Але чаму ж не даходзіла яно да прылаўкаў? “Таяла” пры перапрацоўцы. Кармавой базы не хапала, таму кармілі свіней пшаніцай з Канады, што выгружалі з параходаў на чыгуначнай станцыі Гаўя. Пасля рабілі з яе камбікармы, а тое і проста перамолвалі на муку. Зрэшты, разваліўся Савецкі Саюз і, нарэшце, у Менску “дамікіцілі”, што такія звышмагутнасці краіне непатрэбныя, дый свіней па колькасці будзе бракаваць для магутных ліній. А тут ў новым веку грымнула эканамічная крыза. І… пачалося! Сталі ўпотайкі здымаць кабелі, электрарухавікі на продаж. Пад брэзентам легма ляжала закупленая яшчэ на савецкія мільярды тэхніка. Яна іржавела пад дажджамі з-за працякаючага даху. У выніку, утварыліся ў горы металалома…”

Міхась Буракоў акурат ахоўваў развалы мегакамбіната, што так і незапрацаваў. Вось яго расповед:

Буракоў: “Адбылося самае жахлівае – цяпер тут проста няма чаго ахоўваць. Металалом парэзалі – здалі. Нешта ў хаты пазацягвалі. Рэшткі будынкаў варта было б зруйнаваць і на іх месцы рэалізаваць новы праект, калі інвестар знойдзецца – балазе, гатовая пляцоўка з фундаментам. Увогуле, гэты недабуд я ўспрымаю як сымбаль краху савецкай эканамічнай сістэмы. А лукашэнкаўская ідзе па яе шляху. Так што высновы рабіце самі…”

Ілюстрацыя да сказанага – ззяючыя яміны, іржавыя рэйкі, цагляныя збудаванні, што – толькі і глядзі – зваляцца на галаву. Гэта тое, што ўбачыў на месцы ваш карэспандэнт. І, гледзячы па ўсяму, гадамі будуць бачыць тыя, хто ездзяць побач – нашы суайчыннікі і госці краіны з Балтыі.

На здамках: Уладзімір Круцікаў; рэшткі камбіната.

Віталь Сямашка, Беларускай Радыё Рацыя. Фота аўтара.