Мясцовыя ўлады змогуць забараняць працу „начнікоў”
Мясцовыя органы ўлады могуць забараніць працу гандлёвага аб’екта ў начны час, калі грамадзяне, якія жывуць у радыусе 50 метраў ад яго, калектыўна паскардзяцца тры і больш разоў на працягу года і ўсе гэтыя скаргі будуць прызнаныя абгрунтаванымі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 319 ад 9 чэрвеня 2021 года.
Урад даў мясцовым уладам права ануляваць свае рашэнні аб узгадненні рэжыму працы гандлёвага аб’екта пасля 23.00 да 7.00.
Кожная скарга на парушэнне заканадаўства гандлёвым аб’ектам павінна быць дакументальна пацверджаная, адзначаецца ў пастанове.
Пры гэтым „датай спынення дзеяння ўзгаднення рэжыму працы аб’екта пасля 23.00 і да 7.00 з’яўляецца дата, вызначаная ў рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, якая не можа быць устаноўленая раней за 30 працоўных дзён з дня прыняцця такога рашэння”.
8 ліпеня ўваходзяць у сілу змены ў закон аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання. Гандлёвыя аб’екты, у тым ліку гандлёвыя цэнтры і рынкі, а таксама аб’екты грамадскага харчавання могуць самастойна вызначаць свой працоўны рэжым, за выключэннем працы пасля 23.00 і да 7.00. Працу гандлёвых аб’ектаў у начны час будуць узгадняць гарадскія, раённыя выканкамы і мясцовыя адміністрацыі ў Менску разам з органамі ўнутраных спраў.