Мытніка не ашукаеш. Частка 3/3
Пакупкі і вяртанне ў Беларусь
У Польшчы беларусы пераважна набываюць прадукты (мяса, вырабы з малака, цукеркі і таму падобнае), электронную i бытавую тэхніку (мабільныя тэлефоны, GPS, камп’ютары, фотаапараты, відэакамеры, тэлевізары, прасы, мікрахвалёўкі ды нават дарагія брэндавыя гадзіннікі), будаўнічыя матэрыялы і тавары для дому (фарбы, клей, лак, заслоны, карнізы, жалюзі), адзенне, касметыку. Большую частку тавараў беларусы купляюць у памежнай тэрыторыі.
У мінулым годзе, паводле падлікаў Мытнай палаты на падставе дакументаў TAX FREE, беларусы “пакінулі” ў польскіх крамах звыш 800 мільёнаў злотых. Велізарная сума, якая пры гэтым датычыць толькі тых, хто скарыстаўся магчымасцямі асабовага руху на польска-беларускіх памежных пераходах.
Польскія прадпрыемствы з вялікай павагай адносяцца да гаспадарчых сувязяў і тавараабмену з Беларусcю – ёсць жа гэта самы блізкі сусед. Тавары гэтых прадпрыемстваў вылучаюцца добрай якасцю, дызайнам і сучаснасцю.
Першыя аўтамабілі з пакупнікамі з’яўляюцца каля буйных гандлёвых цэнтраў яшчэ да іх адкрыцця. Хутка пад’язджаюць аўтобусы і мікрааўтобусы з беларускай рэгістрацыяй. Усходняя частка Беларусі за пакупкамі адпраўляецца ў Расію. Там часта набываюцца тавары кітайскай вытворчасці. Заходнікам і жыхарам цэнтральнай Беларусі (у тым ліку Менску) бліжэй і зручней да крамаў Беластока, Хелма ці Белай Падляшскай. Гэта 2-3 гадзінкі туды-сюды, калі чарга не надта вялікая.
Тыя, якія едуць у Польшчу, маюць магчымасць набыць тавар больш якасны і разнастайны. Дарэчы, у беларускіх крамах паліцы таксама запоўненыя таварам. Аднак кошты там нашмат вышэйшыя, чым у Польшчы. Таму многія і выбіраюць крамы суседняй краіны.
Значная колькасць беларускіх кліентаў у польскіх супермаркетах і на аптовых складах – гэта дробныя бізнесоўцы і гандляры. Яны набываюць тавар, які пасля могуць са значным прыбыткам перапрадаць у сябе на рынках. Бывае, што тавар вязуць паводле замовы, а заказчыкамі ёсць суграмадзяне, беларускія фірмы ці склады. Замовы могуць быць на ўсё: ад цацак ды адзення да каўбаcы і ровараў.
Самы пік беларускага пакупніцкага ажыятажу ў польскіх крамах – гэта лістапад-снежань, калі асаблівай папулярнасцю карыстаюцца харчовыя тавары, цёплая вопратка і ўпрыгожанні на ялінку. Бытавая і электронная тэхніка набываецца незалежна ад сезона – на працягу ўсяго года. Беларус, у сярэднім, у час адной пабыўкі ў Польшчы пакідае 200-б00 даляраў.
Беларуская мяжа
Гэта агульнавядомыя факты. Але што адбываецца на беларускай мяжы? Аўтамабіль, які пад’язджае да мытнага кантролю, робіцца “пустым” – закупленыя тавары быццам бы знікаюць, а пасажыры-турысты амаль нічога не вязуць. Што адбываецца? Як гэта магчымае? Тавары малых памераў хаваюцца ў самыя цёмныя куточкі машынаў – кожная вольная прастора пад сядзеннем ці ў дзвярах запоўненая, ручны багаж перапоўнены да немагчымасці, на сабе падарожнікі маюць па некалькі камплектаў вопраткі. І галоўнае – ўсмешка на твары, каб зрабіць добрае ўражаннне на мытніка.
У беларускім мытным заканадаўстве існуе паняцце “норма перавозкі тавараў” на адну асобу. Пры гэтым улічваюцца нават малыя дзеці, якія яшчэ не ўмеюць гаварыць, але могуць перавозіць тавар. Норму перавышаць нельга! Іншая справа з таварам, які ў кішэню не схаваеш (буйнагабарытныя бытавая тэхніка, напрыклад). У гэтым выпадку трэба заплаціць мытную пошліну, як таго вымагае заканадаўства. Хіба што ўдасца неяк інакш…
Яшчэ іншая сітуацыя, калі пасля паспяховага пераезду праз мяжу патрапім на кантроль “чорных” брыгадаў беларускай мытнай міліцыі. Яны, калі выявяць незаконны ўвоз тавару, застаюцца непахіснымі і цяжка разлічваць на іхняе зразуменне. Трэба ведаць, што беларускі мытнік працуе на часовым кантракце, які можна працягнуць або не працягнуць. Ён трымаецца сваёй працы.
Таму варта пагадзіцца з тым, што трэба заплаціць мытную пошліну або вярнуцца ў Польшчу. І там можам перачакаць “дрэнную” змену на мяжы і пасправаць яшчэ раз праехаць з гэтым жа таварам. Але такое развіццё падзей – гэта страта часу, а магчыма і паловы ці цэлай старонкі ў пашпарце (паколькі мытнікі анулююць пячаткі). Для людзей, якія вельмі часта перасякаюць мяжу і “жывуць” з мяжы, такая справа не прынясе карысці. Але ў такой працы заўсёды трэба ўлічваць рызыку, бо жыць неяк трэба.
Беларускае Радыё Рацыя