Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстана: хто знаходзіць, а хто губляе?



Няма ніякіх сумневаў, што Расея дыктуе ўмовы. Тры краіны – ужо нешта.

Што стаіць за ўсім гэтым?

На аснове гэтых трох краін Крэмль мае намер стварыць Еўразійскі саюз паводле ўзору Еўразвяза.

У Беларусі ў чэрвені на рынках праходзілі масавыя акцыі пратэсту. Дробныя прадпрымальнікі пратэставалі супраць увядзення абавязковых сертыфікатаў, якія з пачатку ліпеня яны мусілі мець згодна з тэхрэгламентам Мытнага Саюза. Паводле новых правілаў, прадпрымальнікі павінны былі б аддаць на праверку ў рамках экспертызы тры адзінкі кожнага тавару, прывезенага імі з-за мяжы. Для дробных імпарцёраў гэта вялікія выдаткі ў вядзенні бізнесу. Прадпрымальнікі часткова дамагліся поспеху ў гэтай справе: дату ўвядзення абавязковых сертыфікатаў на тавар адклалі на лістапад. Але, як гэта звычайна бывае ў Беларусі, не абышлося без арыштаў. У прыватнасці, лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка правёў некалькі дзён у зняволенні. Пастаўленай мэты дасягнулі, і справа прыціхла.

Уніфікацыя і зніжэнне мытных аплат, а таксама ўступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю спрычынілася да таго, што імпарт стаў таннейшы і больш канкурэнтаздольны, у параўнанні з айчыннай прадукцыяй. У выніку доля рынку вытворцаў з Казахстана і Беларусі скарацілася амаль у два разы. Вялікія аб’ёмы прадукцыі беларускіх заводаў ляжаць на складах, а ў Казахстане адбыўся рост інфляцыі ў выніку выраўноўвання цэнаў.

Якой краіне найбольш выгадны Мытны Саюз?

Аказваецца, пераможца тут – толькі Расея, і асабліва расейская аўтамабільная прамысловасць. Масква знізіла мытныя аплаты на новыя легкавыя аўтамабілі з 30% да 25%, на грузавыя аўтамабілі і трактары – з 25% да 15%. Машыны, аднак, каштуюць значна даражэй.

Гэта звязана з новымі абмежаваннямі, уведзенымі Уладзімірам Пуціным. У выніку цэны на некаторыя маркі аўтамабіляў падскочылі ў некалькі разоў.

Імпарт патрыманых машын з краін, якія не належаць да Мытнага Саюза, нягледзячы на зніжэнне мытных аплат стаў нявыгадны.

Апрача карыснага для аўтамабільнай вытворчасці рэгулявання, цяжка знайсці відавочныя эканамічныя выгады для Расеі як чальца Мытнага Саюза. Агульныя паказчыкі гандлю даволі добрыя, але можа здацца, што яны мусяць быць лепшыя. Аднак маем тут справу з праектам больш палітычным, а не эканамічным. Расея стварае сваю ўласную вобласць інтарэсаў і пашырае абсяг для правядзення ўласнай эканомікі. Менавіта таму Масква не губляе надзеі прыцягнуць да Мытнага Саюза іншыя краіны, якія ўваходзілі ў склад былога Савецкага Саюза. Адзіны аргумент у перамовах з Арменіяй і Украінай – гэта спакуса магчымасцю скарачэння коштаў на прыродны газ. Беларусь мае танную сыравіну дзякуючы ўжо дасягнутым раней адпаведным дамовам, Казахстан мае свае ўласныя рэсурсы.

Для Казахстана Мытны Саюз – гэта выключна палітычны саюз. Прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў даўно прасоўваў ідэю такога звязу, бо гэта ў інтарэсах мясцовай палітычнай эліты. Захаваць панаванне свайго сямейнага клану ёсць прыярытэтам для Назарбаева. Улада не зацікаўлена ў дэмакратычным развіцці краіны, перадусім для яе – прыватныя інтарэсы. Сёння Казахстан з’яўляецца адным з асноўных лідараў у экспарце сыравіны, мае шмат прыродных рэсурсаў і ў іх, галоўным чынам, бачыць сваю незалежнасць. Але Казахстан баіцца Кітая, які можа “праглынуць” краіну, таму трымаецца Расеі. Такім чынам, тут у гульню ўступае панаванне не столькі эканамічнае, колькі палітычнае.

Для Беларусі быць чальцом Мытнага Саюза азначае мець пастаянны доступ да танных крыніц сыравіны і энергіі. Апрача гэтага, Беларусь можа разлічваць на фінансавую дапамогу Крамля ў складаных сітуацыях і на палітычную падтрымку такога партнёра, якім не можа быць ні Еўрапейскі звяз, ні хтосьці іншы.

Чаму Беларусь патрэбна Расеі і Казахстану?

Дзве краіны – гэта малавата, а тры – ужо штосьці, нават гучыць лепей. Для Беларусі гэта палітычны і эканамічны саюз. Але самым важным тут ёсць палітычная падтрымка Аляксандра Лукашэнкі, які падпісаў 17 пунктаў, якія былі неабходныя для ўваходу ў Мытны Саюз. Для Менска шляхоў да адступлення ўжо няма. Беларусь мае больш за 30 мільярдаў даляраў крэдыту. Фінансавае становішча краіны куды больш горшае, чым усім падаецца. Ёсць вялікая патрэба ў рэалізацыі шэрагу беларускіх тавараў і паслуг на расейскім рынку. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што Беларусь – жадае яна таго ці не – асуджаная на чалецтва ў Мытным Саюзе. Такая моцная эканамічная залежнасць ад Расеі не мае аналагаў у свеце.

Выкарыстанне Беларуссю на сённяшні дзень іншай палітыкі і адыход ад Мытнага Саюза ў кірунку Еўразвяза прывялі б да рэзкага падвышэння цэнаў на нафту і газ да еўрапейскага роўню, а гэта пацягнула б за сабой спад канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў, масавае звальненне людзей з працы, вялікі рост цэнаў і як вынік – поўны крах эканомікі. У Менску выдатна пра гэта ведаюць.

Беларусь патрэбна Мытнаму Саюзу як краіна з тэхнакратычным рэжымам, але няма ніякіх сумненняў у тым, што ўмовы дыктуе Расея. Палітычнае трыа: Пуцін, Назарбаеў і Лукашэнка – у далейшай перспектыве асуджанае на правал.

На сённяшні дзень цяжка ацаніць наступствы эканамічнай супрацы ў межах гэтага звязу. Яны будуць бачныя толькі ў 2017-2020 гадах.

Да чаго імкнецца Расея?

Прамысловыя прадпрыемствы і газаправоды па частках прададзеныя расейскім алігархам і дзяржаўным канцэрнам. Масква імкнецца да поўнага кантролю над прамысловым і аграрным сектарамі Беларусі і Казахстана.

Ці зможа Мытны саюз супернічаць з Еўразвязам?

Напэўна, гэта будзе канкурэнцыя ў іншым сэнсе. Мытны палітычна-эканамічны блок стаіць на слабым фундаменце, у той час як у Еўрапейскім звязе аб’яднаны тры аспекты: правы чалавека, ідэя дэмакратыі і свабодны рынак. Як бачым, тут тэндэнцыі зусім іншыя, нават адваротныя. Можна было б падумаць, што гэта проста такія славянскія каштоўнасці, але якое дачыненне да іх мае Казахстан? Усё залежыць ад ідэі так званай інтэграцыі.

Што Мытны Саюз дасць сваім грамадзянам і дробным прадпрымальнікам?

На самой справе не так і шмат. Акрамя таннай энергіі, Мытны Саюз больш нічога не мае, каб прапанаваць сваім жыхарам. Пасля ўступлення Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю сапраўды знізіліся імпартныя пошліны на некаторыя тавары, але амаль адразу ж былі ўведзены новыя ўнутраныя абмежаванні. Прыкладам можа служыць закрыццё рынку Мытнага Саюза для еўрапейскіх патрыманых аўтамабіляў.

Што Мытны Саюз дасць еўрапейскім інвестарам?

Фармальна ёсць магчымасць стварэння ў Беларусі вытворчай базы з еўрапейскім капіталам. Знайшлі сваё месца тут крыху больш за 500 кампаній, у асноўным у свабодных эканамічных зонах, і дзейнічаюць на працягу многіх гадоў з розным эканамічным поспехам. Беларусь ужо ў 2012 годзе, не кажучы ўжо пра бягучы год, не мела ніякіх буйных інвестыцый з боку заходняга капіталу. А гэта значыць, што Беларусь для Еўрапейскага звяза надалей застаецца закрытай зонай. На гэтым палягае ідэя адасаблення Мытнага Саюза і абмежавання доступу еўрапейскім кампаніям да сваёй тэрыторыі.

Што Мытны Саюз дасць прадпрымальнікам, якія гандлююць з Беларуссю, Расеяй і Казахстанам?

У далейшай перспектыве трэба чакаць чарговых абмежаванняў на ўвоз тавараў праз увядзенне новых санітарных нормаў (еўрапейскія фрукты, асабліва яблыкі), фітасанітарных, ветэрынарных (напрыклад, праблема з імпартам мяса). Улады ў Маскве шукаюць толькі нагоды, каб увесці новыя правілы. Абмежаванні будуць распаўсюджвацца на імпартную прадукцыю, асабліва на тую, якая вырабляецца ў межах Мытнага Саюза. Такім чынам, гэта будзе спрыяць папулярызацыі даражэйшых тавараў і горшай якасці.

Хто ў будучыні далучыцца да Мытнага Саюза?

Хутчэй за ўсё гэта будзе Кыргызстан, Таджыкістан і, магчыма, Узбекістан. Гэтыя краіны маюць мінімальнае значэнне для Мытнага Саюза. І тут відавочна, што гэты звяз патрэбны якраз ім, бо, будучы чальцамі Мытнага Саюза, яны атрымаюць пэўныя выгады. Валавы нацыянальны даход у гэтых краінах значна ніжэйшы, чым у Беларусі ці Казахстане. З’яўляюцца магчымасці купіць больш танныя тавары, электраэнергію і газ, даць працу сваім работнікам. Сярэднеазіяцкія рэспублікі ў савецкія часы на працягу многіх гадоў жылі за кошт маскоўскіх грантаў. Цяпер яны могуць мець аналагічныя выгады ад чалецтва ў Мытным Саюзе.

Беларускае Радыё Рацыя