Мытня павялічыла зборы ў бюджэт на 64%
Беларуская мытня забяспечыла рост паступленняў у бюджэт на 64 працэнты. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю БелТА старшыня ДМК Уладзімір Арлоўскі.
Паводле яго слоў, з пачатку года і да 18 верасня ў бюджэт паступіла 9,5 млрд рублёў плацяжоў, якія кантралююцца мытнымі органамі, што амаль на 64% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Арлоўскі таксама заявіў, што сёлета плынь грузавікоў праз мяжу скарацілася на 23% у параўнанні з мінулым годам. Гэта было абумоўлена закрыццём шэрагу пунктаў пропуску. З улікам абмежаванняў на перамяшчэнне грузавікоў праз мяжу ў Беларусі рэалізавалі схему з перагрузкай і перачэпкай. Цяпер у сярэднім у суткі праводзіцца 1,3 тысяч такіх аперацый.
Што Кітай купляе ў Беларусі?
У студзені-ліпені бягучага года асноўным таварам, які Кітай набываў у Беларусі, былі калійныя ўгнаенні. Пра гэта сведчаць дадзеныя Галоўнага мытнага ўпраўлення КНР, піша Myfin.by.
Па выніках сямі месяцаў за імпарт беларускага калію Кітай заплаціў каля 1,14 мільярдаў даляраў. Далей спіс працягваюць мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі (больш за 203 мільёны даляраў), рапсавы алей (больш за 195 мільёнаў даляраў), а таксама лесаматэрыялы і замарожаная ялавічына (99 і 54 мільёны даляраў).
Кава Jacobs у Беларусі будзе пад іншай назвай
У беларускіх крамах побач з кавай Jacobs Monarch цяпер стаіць кава пад назвай Monarch Original. Прычым знешне ўпакоўка амаль не адрозніваецца. Але гэта не падробка, арыгінальная кава ад кампаніі JDE (уласнік Jacobs). Выпускаюць яе на тым самым заводзе нідэрландскай кампаніі ў Ленінградскай вобласці.
Справа ў тым, што кампанія JDE вырашыла цалкам прыбраць з прылаўкаў у Расеі свой гандлёвы брэнд Jacobs. А паколькі ў глабальным сэнсе беларускі рынак у выніку палітыкі Лукашэнкі стаў часткай расейскага, кава Jacobs знікне з айчынных прылаўкаў, як толькі крамы прададуць рэшткі тавару са старых партый. У іншых рэгіёнах свету кава і далей будзе прадавацца пад назвай Jacobs, піша “Наша Ніва”.
Доля беларусаў на польскім рынку працы надалей расце
Звесткі ZUS (Фонду сацыяльнага страхавання) Польшчы паказваюць, што ў бягучым годзе ў Польшчы на пенсійнае страхаванне і страхаванне па інваліднасці былі зарэгістраваныя 110 тысяч 294 беларусы. Часцей за ўсё яны працуюць IT-спецыялістамі, будаўнікамі, складскімі і завадскімі рабочымі, кіроўцамі, то бок у прафесіях, дзе дамінуюць мужчыны.
Паводле звестак Польскага эканамічнага інстытута, грамадзяне Беларусі са студзеня 2022 года да канца чэрвеня 2023 года стварылі ў Польшчы 11 716 ІП. У Gremi Personal паведамілі, што з пачатку года доля беларусаў у польскім рынку працы вырасла ўдвая. Сярэдні ўзрост работніка – каля 30 гадоў, дзве траціны з іх – мужчыны.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: polotsk-psv.by.