Мытня ўзмацніла кантроль за ўвозам алкагалю ў Мытны звяз



Берасцейская мытня ўзмацніла кантроль за ўвозам грамадзянамі на тэрыторыю Мытнага звязу алкагальнай прадукцыі.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле дадзеных ведамства, з пачатку тыдня спынена ўжо некалькі незаконных спробаў правезці спіртное, не заплаціўшы пошліны.

Грамадзянін Расеі ехаў на BMW X6 з Італіі. У багажніку ён вёз 85 бутэлек віна агульным аб’ёмам больш за 60 літраў. У рэйсавым аўтобусе паведамленнем Ковель-Берасце знайшлі 6 пакетаў, у якіх знаходзілася 18 бутэлек спіртных напояў. А 61-гадовы жыхар Ровенскай вобласці спрабаваў з утойваннем ад мытнага кантролю завезці праз пункт пропуску «Невель» 15 бутэлек віскі і 5 бутэлек каньяку.

Паводле папярэдняй ацэнкі, агульны кошт канфіскаванай алкагольнай прадукцыі склаў звыш 20 мільёнаў рублёў.

Згодна з заканадаўствам на тэрыторыю Мытнага звяза без выплаты мытных плацяжоў можна завезці да 3 літраў алкагольных напояў на адну асобу, якая дасягнула 18 гадоў, ад 3 да 5 літраў – пры ўмове выплаты мытных пошлін па стаўцы 10 еўра за 1 літр. Увоз звыш 5 літраў алкаголю адной фізічнай асобе забаронены.