МЗС Беларусі асаблівую ўвагу надае „эканамічнай дыпламатыі”



Ключавым напрамкам працы МЗС застаецца „эканамічная дыпламатыя”, гаворыцца ў аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2018 годзе, які апублікаваны на сайце МЗС.

Згодна са звесткамі статыстыкі, беларускі экспарт тавараў у 2018 годзе склаў 33,7 млрд даляраў ЗША — на 15,3% больш, чым у 2017 годзе. У вартасным выражэнні рост экспарту склаў 4,5 млрд даляраў, у тым ліку за кошт прадукцыі машынабудавання і іншых тавараў з высокай дабаўленай вартасцю.

У краіны ЕАЭС экспарт узрос на 20 млн долараў, Еўразвяза — на 2,3 млрд даляраў, рэгіёна „далёкай дугі” і іншыя краіны — на 1,9 млрд даляраў. Доля ЕАЭС у агульным аб’ёме экспарту склала 41,2% (46,7% у 2017 годзе), ЕС — 30,2% (26,8%), іншых краін — 28,6% (26,5%). „Тым самым ажыццёўленыя далейшыя крокі для рэалізацыі задачы па дыверсіфікацыі беларускага экспарту і яго збалансаваным размеркаванні „трэць-трэць-трэць” па асноўных рынках”, — гаворыцца ў аглядзе.

Створаным пры МЗС для забеспячэння прамога дыялогу з прадпрыемствамі саветам экспарцёраў разгледжаныя некалькі дзясяткаў прапаноў суб’ектаў гаспадарання.

У межах працы па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнай падтрымкі экспарцёраў ініцыяваны і распрацаваны праект указа прэзідэнта „Аб падтрымцы экспарту”, які прадугледжвае кампенсаванне часткі расходаў па ўдзеле ў міжнародных спецыялізаваных выставах і па правядзенні ацэнкі адпаведнасці прадукцыі ў замежных дзяржавах.

У адпаведнасці з сусветнай тэндэнцыяй фармавання лічбавай эканомікі вялікую ўвагу надавалі працы па інфармацыйнай падтрымцы экспарту, адзначае МЗС. Паводле вынікаў года, на партале для экспарцёраў Export.by зарэгістравана 4.848 беларускіх і 393 замежныя прадпрыемствы, пададзеныя звесткі аб 16.715 таварах і паслугах.

Сумесна з беларускімі вытворцамі і галіновымі міністэрствамі праводзілася праца па карэктаванні ставак увазных мытных пошлін Адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС, давання тарыфных ільгот, прымянення мер нетарыфнага рэгулявання з улікам нацыянальных інтарэсаў, а таксама па прадухіленні і мінімізацыі наступстваў увядзення трэцімі краінамі мер па ахове рынку ў дачыненні да беларускай прадукцыі.

„Беларусь імкнецца выбудаваць узаемавыгадную мадэль супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. Далучэнне нашай краіны да Сусветнай гандлёвай арганізацыі цалкам адпавядае гэтай мэце, — гаворыцца ў аглядзе. — З моманту актывізацыі ў 2016 годзе працы на трэку СГА ўдалося наблізіцца да фінальнай стадыі перамоў. Рыхтуецца да разгляду ў лютым 2019 года трэцяя рэдакцыя праекта даклада рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі (выніковы дакумент, які вызначае ўмовы членства краіны ў арганізацыі)”.

Па стане на снежань 2018 года завершаныя двухбаковыя перамовы аб доступе на рынкі з 20 членамі СГА. Пры гэтым 10 з 20 дагавораў падпісаныя за апошнія два гады (шэсць — у 2017 годзе, чатыры — у 2018-м). Інтэнсіўныя перамовы працягваюцца з шасцю членамі СГА: Аўстраліяй, Бразіліяй, ЕЗ, ЗША, Канадай, Украінай, паведамляе МЗС.

belapan.by