МЗС Літвы патрабуе спыніць Беларускую АЭС



МЗС Літвы патрабуе спыніць Беларускую АЭС да развязання ўсіх праблем, звязаных з ядзернай бяспекай, якія выявілі міжнародныя місіі. Пра гэта гаворыцца ў дыпламатычнай ноце, накіраванай на адрас МЗС Беларусі, перадае delfi.lt. Нота МЗС Літвы стала адказам на інфармацыю пра тое, што Беларусь рыхтуецца да пуску другога энергаблока АЭС.

„Падрыхтоўка Беларусі да пуску другога няспраўнага энергаблока АЭС, утойванне ад грамадскасці інцыдэнтаў і няспраўнасцяў, а таксама пагрозы прэзідэнта Расеі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі сведчаць пра безадказныя паводзіны дыктатарскіх рэжымаў у сферы атамнай энергетыкі, што ўяўляе ядзерную пагрозу для ўсяго рэгіёну”, — заяўляе кіраўнік літоўскага ведамства Габрыэлюс Ландсбергіс.

У Літве адзначаюць, што праект БелАЭС мае шмат нявырашаных пытанняў бяспекі. Пуск другога блока БелАЭС перанесены на сёлетні красавік, а ў эксплуатацыю яго мяркуюць увесці ў кастрычніку.