МЗС назвала спробай блакады законапраект Літвы пра забарону беларускага транзіту
МЗС Беларусі апублікавала каментар прэс-сакратара Анатоля Глаза аб праекце літоўскага «санкцыйнага» закона ў дачыненні да Беларусі, які ўнесены ў Сойм.
На думку Анатоля Глаза, «некаторыя акцёры пад лозунгамі салідарнасці спрабуюць пад шумок працягнуць праз парламент рашэнні, якія з’яўляюцца проста верхам безадказнасці і цынізму».
Прэс-сакратар ведамства перакананы, што гэтая ініцыятыва з’яўляецца найгрубейшым парушэннем міжнароднага права, не лічачы шматбаковых і двухбаковых абавязацельстваў Літвы.
«Тое, што афіцыйны Вільнюс выбарча трактуе нормы міжнароднага права і шчыра лічыць, што нязручныя для іх нормы можна не выконваць — ужо ні для каго не сакрэт, асабліва пасля драмы з мігрантамі. Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра мэтанакіраваную спробу блакады: заблакаваныя паветраныя зносіны, абмежаваныя сухапутныя, цяпер падбіраюцца да чыгуначных», — мяркуе прадстаўнік МЗС.
Анатоль Глаз назваў законапраект «актам варожасці і агрэсіі», які «прамым чынам пагражае харчовай бяспецы шэрагу краін свету».
«Больш за мільярд даляраў беларускага экспарту і транзіту забяспечваюць сёння дабрабыт не толькі Клайпедскага порта і літоўскіх чыгунак. Размова ідзе ўжо пра сотні літоўскіх прадпрыемстваў і дабрабыт значнай колькасці літоўскіх сем’яў. Мы ўжо не гаворым аб пагрозе бяспецы транзіту з трэціх краін. Нічым іншым, акрамя бяссільнай злосці растлумачыць гэта нельга. Ужо даўно надышоў час раздумацца і спыніць гэтую безадказную палітыку, якая можа не толькі дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне, але і знаходзіцца на мяжы неабвешчанай вайны», — падсумаваў Анатоль Глаз.