На 10-даляравай купюры з’явіцца жаночы твар
На амерыканскай 10-даляравай банкноце ўпершыню будзе намаляваная жанчына.
Хто гэта будзе? Грамадзянам ЗША трэба будзе выбраць самім. Пра гэта ў сераду, 17 чэрвеня, паведаміў міністр фінансаў ЗША Джейкаб Лью, як перадае ТАСС.
„З таго моманту, як першыя банкноты былі ўведзеныя ў зварот, мы толькі некалькі разоў мянялі асоб на нашых валютных купюрах. І я ганаруся тым, што новыя “дзясяткі” стануць першымі, на якіх ўпершыню больш чым за сто гадоў будзе намаляваны жаночы твар”, – сказаў ён.
Лью паведаміў, што выпушчаны такія грошы будуць у 2020 годзе – з нагоды стагоддзя з моманту прыняцця 19-й папраўкі да канстытуцыі ЗША, якая дае права жанчынам галасаваць.
Пра тое, хто ж з’явіцца на банкноце, стане вядома толькі напрыканцы года. Па словах міністра, амерыканцы самі павінны будуць прапанаваць тую жанчыну, што ўвасабляе сабой дэмакратыю ў краіне. „Мы запрашаем усіх зайсці на наш сайт, каб удзельнічаць у абмеркаваннях”, – сказаў кіраўнік ведамства.
На сённяшні дзень на банкноце наміналам у 10 даляраў намаляваны першы міністр фінансаў ЗША Аляксандр Гамільтан.
Паводле charter97.org