На абслугоўванне дзярждоўгу патрачана амаль 12% усіх выдаткаў бюджэту
На абслугоўванне дзяржаўнага доўгу ў першым паўгоддзі 2018 года з бюджэту выдаткавана больш за 1 млрд рублёў, паведамляе Камітэт дзяржкантролю.
Памеры ўнутранага і знешняга дзяржаўнага доўгу на пачатак ліпеня гэтага года знаходзіліся ў межах лімітаў (10 млрд рублёў і 19,6 млрд долараў адпаведна), устаноўленых бюджэтам на 2018 год.
„Выдаткі рэспубліканскага бюджэту па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу ў першым паўгоддзі 2018 года склалі 1.042,5 млн рублёў, або 11,9% выдаткаў рэспубліканскага бюджэту за названы перыяд”, — гаворыцца ў аналітычнай інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, прысвечанай выкананню бюджэту ў першым паўгоддзі.
Раней Камітэт дзяржкантролю неаднаразова акцэнтаваў увагу на вялікай пазыковай нагрузцы на бюджэт. Так, намеснік старшыні КДК Аляксандр Курлыпа, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў у чэрвені гэтага года, падкрэсліў, што „выдаткі па абслугоўванні дзярждоўгу пастаянна павялічваюцца, цяжарам кладуцца на рэспубліканскі бюджэт”.
Ён звярнуў увагу, што за апошнія тры гады доля расходаў рэспубліканскага бюджэту, якая накіроўвалася на абслугоўванне дзярждоўгу, павялічылася з 8,7% да 11%.
У 2017-м, адзначыў Курлыпа, на абслугоўванне дзярждоўгу было накіравана каля 2 млрд рублёў, „што істотна вышэй за асігнаванні, якія выдзяляюцца сумарна з бюджэту на ахову здароўя і адукацыю (1,6 млрд рублёў)”.
„Відавочна, што кошт абслугоўвання доўгу занадта абцяжарвальны для рэспубліканскага бюджэту. Для пераадолення негатыўнай тэндэнцыі па нарошчванні дзярждоўгу прынятая, як вядома, стратэгія па кіраванні дзярждоўгам на 2015—2020 гады. Аднак, на жаль, даводзіцца канстатаваць, што ў 2017 годзе не ўсе яе ўстаноўкі выконваліся”, — падкрэсліў намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю.
Паводле даных КДК, у стратэгіі (дакумент не публікаваўся. — БелаПАН.) памер прыцягнення дзяржзаймаў абмежаваны ўзроўнем не большым за 50% ад сумы пагашэння дзярждоўгу. А ў 2017 годзе „было запазычана амаль у 1,5 разу больш ад узроўню, зацверджанага стратэгіяй”, канстатаваў Аляксандр Курлыпа. БелаПАН