На базе „Белвеста” створаць абутковы холдынг
На базе прадпрыемства „Белвест” плануецца стварыць унітарны абутковы холдынг, паведаміў 6 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску першы намеснік старшыні канцэрна „Беллегпрам” Вячаслаў Мірусін.
Паводле яго слоў, рыхтуецца адпаведны ўказ кіраўніка краіны. „Белвест” — буйное прадпрыемства, якое актыўна развіваецца. На вытворчай пляцоўцы ў Віцебску далейшыя магчымасці для нарошчвання вытворчасці вычарпаныя. Ёсць ідэя на паперы, калі яна будзе падтрыманая, то будзе створаная новая вытворчасць, новы будынак, пастаўленае абсталяванне, павялічаныя магутнасці, набраныя людзі. Сродкі могуць быць атрыманыя ад інвестараў або могуць быць узятыя крэдыты ў банках”, — адзначыў першы намеснік кіраўніка канцэрна.
Паводле слоў Мірусіна, у 2017 годзе працягвалася работа па стварэнні адзіных вытворчых структур. „Да прыкладу, у мінулым годзе завяршылася аб’яднанне „Магатэкса” і прадпрыемства „Лона”, на якім вырабляюцца гатовыя швейныя вырабы. Прапрацоўваецца пытанне кааперацыі „Камволя” і „Белкрэда”, Баранавіцкага баваўнянага аб’яднання і „Рэчыцкага тэкстылю”. Таксама разглядаецца пытанне на аснове абласных баз „Тэкстыльторга” стварэння адзінай аптовай тавараправоднай сеткі”, — сказаў ён.
СТАА „Белвест” — беларуска-расейскае прадпрыемства. Асноўныя напрамкі: вытворчасць абутку, раздробны гандаль абуткам, аксесуарамі і спадарожнымі таварамі. Прадпрыемства створанае ў 1988 годзе. Ля вытокаў яго заснавання стаялі два вытворцы абутку — віцебская фабрыка „Чырвоны Кастрычнік” і нямецкая кампанія Salamander. Сёння „Белвест” выпускае 2 млн пар абутку штогод. Рознічная сетка налічвае больш за 350 фірмовых магазінаў у Беларусі, Расеі і Латвіі. У кампаніі працуе каля 4.000 супрацоўнікаў.