На БелАЭС дастаўленае ядзернае паліва для першага энергаблока



 На будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС прыбыла свежае ядзернае паліва для першага энергаблока станцыі, паведамляецца на сайце адміністрацыі АЭС.

„На АЭС забяспечаная неабходная тэхнічная гатоўнасць памяшканняў, абсталявання, сістэм і элементаў, а таксама арганізацыйная гатоўнасць персаналу станцыі да бяспечнага абыходжання са свежым ядзерным палівам, — адзначаецца ў паведамленні. — Да завозу паліва ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі аб`екты першага энергаблока перададзеныя пад ахову ўнутраных войскаў у штатным рэжыме”.

„У адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам спецыялісты Беларускай АЭС сумесна з генеральным падрадчыкам — АТ ІК АСЭ — забяспечаць прыёмку паліва і правядзенне яго ўваходнага кантролю”, — гаворыцца на сайце станцыі.

29 красавіка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дапоўніла ліцэнзію на ажыццяўленне дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, раней выдадзеную прадпрыемству „Беларуская АЭС”, правам на транспарціроўку і захоўванне свежага ядзернага паліва. Дзяржатамнагляд выдаў адміністрацыі БелАЭС дазвол на ўвоз свежага ядзернага паліва ў Беларусь.

Генеральны дырэктар расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам” Аляксей Ліхачоў у відэазвароце, апублікаваным 28 красавіка на сайце карпарацыі, заявіў, што „Расатам” рыхтуецца да завозу свежага ядзернага паліва на Беларускую АЭС.

„На беларускай станцыі ідуць перадпускавыя працы. Рыхтуемся да завозу свежага паліва ў Беларусь. На гэтай пляцоўцы працягваецца планавая ратацыя персаналу, нягледзячы на ўсе складанасці. На мінулым тыдні даставілі чарговую групу работнікаў — 43 чалавекі. У найбліжэйшыя дні да адпраўкі ў Беларусь рыхтуецца яшчэ некалькі груп нашых калег і работнікаў падрадных арганізацый”, — сказаў ён.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

11 красавіка міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч паведаміў, што пуск першага энергаблока БелАЭС намечаны на ліпень 2020 года, энергію ён пачне даваць у верасні-кастрычніку.

Другі энергаблок плануецца запусціць у 2021 годзе.

belapan.by