На БелАЭС прывезлі паліва для другога энергаблока



На пляцоўку Беларускай АЭС 19 красавіка прыбыў састаў з цеплавыдзяляльнымі зборкамі са свежым ядзерным палівам для другога энергаблока, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Прыёмкай паліва і правядзеннем яго ўваходнага кантролю займаюцца спецыялісты атамнай станцыі сумесна з генеральным падрадчыкам —кампаніяй „АСЭ”.

„Да пачатку загрузкі ядзернага паліва ў рэактар другога энергаблока цеплавыдзяляльныя зборкі будуць захоўвацца ў сховішча свежага ядзернага паліва”, — падкрэслілі ў Мінэнерга.

Пастаўку свежага ядзернага паліва і фізічны пуск другога энергаблока БелАЭС у 2021 годзе ў пачатку красавіка анансаваў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

„Агульная гатоўнасць другога энергаблока ацэньваецца ў 80%, — сказаў чыноўнік у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1″. — Сёлета ўжо была забяспечаная зборка рэактара, загрузка ў яго імітатараў цеплавыдзяляльных зборак. Таксама плануецца ўжо пераход найбліжэйшым часам да наступнага падэтапу так званай халодна-гарачай абкаткі рэактарнай устаноўкі. Пачатак будзе забяспечаны правядзеннем гідравыпрабаванняў і цыркуляцыйнага прамывання. У далейшым на працягу 2021 года плануецца таксама пастаўка свежага ядзернага паліва на другі энергаблок, загрузка яго ў актыўную зону рэактара і, адпаведна, пачатак і правядзенне фізічнага пуску”.

Увесці другі энергаблок у эксплуатацыю, у адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 447 ад 30 лістапада 2020 года, павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што запусціць другі блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў ліпені наступнага года.

Беларуская АЭС будуецца каля Астраўца (Гарадзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 80%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. Увесці яго ў прамысловую эксплуатацыю плануецца гэтай вясной.

belapan.by