На БелАЭС шукаюць больш за 150 супрацоўнікаў



У пачатку года пра вакансіі на Беларускай АЭС паведамляў расейскі наймальнік “Атамтэхэкспарт”. Цяпер на сайце гэтага прадпрыемства аб’яў стала менш, усяго восем. Затое на сайце дзяржаўнай службы занятасці сама атамная станцыя абвясціла, што прыме на працу 144 супрацоўнікі, заўважыла “Зеркало”.

Здымак: БелАЭС

Больш за палову вакансій аб’яўлены для асоб з вышэйшай адукацыяй, прычым некалькі дзясяткаў з іх – кіраўнікі. Да прыкладу, патрабуецца памочнік кіраўніка арганізацыі, якому абяцаюць плаціць прыкладна 2300-3500 рублёў, таксама патрабуюцца начальнікі змены, якія могуць зарабляць нават да сямі тысяч. Вельмі шмат на АЭС патрабуецца рознапрофільных інжынераў – праграмістаў, метролагаў, тэхнолагаў ды іншых. Самы нізкі заробак прапануюць электрамеханіку па ліфтах – ад 700 да прыкладна 1120 рублёў.

Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірм”

Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада сабраў нараду па праблемах пасажырскіх аўтаперавозак. Ён абвінаваціў нелегальных перавозчыкаў у стратах бюджэту, а таксама запатрабаваў, каб інтэрнет-агрэгатары размясцілі свае інфармацыйныя сістэмы ў Беларусі.

“Паколькі адна з тэм тычыцца інтэрнэт-агрэгатараў, відавочна, што ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі. Да новага года гэтая схема павінна працаваць. Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірм. Гэта няўхільныя патрабаванні дзяржавы як гаранта забеспячэння бяспекі, абароны персанальных звестак, спынення супрацьпраўных дзеянняў. Бярыце на кантроль”, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. “Страты бюджэту вылічаюцца дзясяткамі мільёнаў рублёў. A добрасумленныя перавозчыкі вымушаны закрывацца, звальняць людзей. Вось і ўся справядлівасць”, – заявіў Лукашэнка.

Латвійскі міністр просіць не вазіць прадукты з Беларусі

Міністр сельскай гаспадаркі Латвіі Армандс Краўзе не хоча, каб гандлёвыя сеткі куплялі прадукты харчавання ў Беларусі і Расеі. За апошнія тры месяцы з Беларусі і Расеі ў Латвію імпартавалі амаль 90 тысяч тон гародніны і больш за 70 тысяч тон зерневых прадуктаў. Агулам больш за 60 латвійскіх прадпрыемстваў імпартавалі прадукты з Беларусі і Расеі.

“Дакладна абяцаю скантактавацца з буйнымі імпарцёрамі і высветліць, як выглядае сітуацыя, але я б сказаў так – гэта сапраўды пытанне этыкі кожнага прадпрымальніка, ці зарабляюць яны грошы за кошт вайны, пакут іншых, ці выбіраюць гэтага не рабіць”, — цытуе міністра партал Delfi. Краўзе пры гэтым выступае за поўную забарону імпарту расейскіх і беларускіх прадуктаў харчавання на ўзроўні Еўрапейскага звязу.

Аўтарскую копію знакамітай карціны Шагала прадалі за $15,6 млн

Аўтарская копія карціны “Над горадам” Марка Шагала пайшла з малатка на аўкцыёне Sotheby’s у Ню-Ёрку. Яе прадалі за 13 мільёнаў 300 тысяч даляраў, але разам з дадатковымі плацяжамі пакупнік заплаціў 15 мільёнаў 600 тысяч даляраў. Як адзначае Office Life, на аўкцыёне прадалі познюю аўтарскую копію карціны, якая датуецца 1924 годам. Арыгінальная версія 1918 года захоўваецца ў Трэцякоўскай галерэі ў Маскве.

Усяго на аўкцыёне 13 лістапада прадалі прадметаў мастацтва больш як на 223 мільёны даляраў. Калекцыянерам прадставілі работы Пабла Пікасса, Клода Манэ, Анрэ Маціса ды іншых знакамітых мастакоў. Топ-лотам стала карціна Манэ “Таполі на краі абрыву, пахмурнае надвор’е”, якую прадалі за 30 мільёнаў 700 тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя