На БелАЭС завязуць свежае ядзернае паліва
Расейская дзяржаўная карпарацыя „Расатам” рыхтуецца да завозу свежага ядзернага паліва на Беларускую АЭС, якая будуецца, заявіў генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі Аляксей Ліхачоў у відэазвароце, апублікаваным на сайце „Расатама”.
„На беларускай станцыі ідуць перадпускавыя работы. Рыхтуемся да завозу свежага паліва ў Беларусь. На гэтай пляцоўцы працягваецца планавая ратацыя персаналу, нягледзячы на ўсе складанасці. На мінулым тыдні даставілі чарговую групу работнікаў — 43 чалавекі. У найбліжэйшыя дні да адпраўкі ў Беларусь рыхтуецца яшчэ некалькі груп нашых калег і работнікаў падрадных арганізацый”, — сказаў ён.
9 красавіка кансультант дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў паведаміў БелаПАН, што Дзяржатамнагляд цяпер рыхтуе дазвол на завоз ядзернага паліва для БелАЭС, а Міністэрства энергетыкі фіналізуе пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расеі, якое будзе рэгуляваць пытанні пастаўкі гэтага паліва.
У лютым—сакавіку Дзяржатамнагляд праверыў гатоўнасць пляцоўкі БелАЭС да завозу свежага ядзернага паліва. Па выніках мэтавай праверкі рэгулюючы орган прыйшоў да высновы, што адміністрацыя станцыі здольная забяспечыць бяспечны прыём і размяшчэнне ядзернага паліва.
Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт•гадз электраэнергіі штогод.
11 красавіка міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч паведаміў, што пуск першага энергаблока БелАЭС намечаны на ліпень 2020 года, энергію ён пачне даваць у верасні-кастрычніку.
Другі энергаблок плануецца запусціць у 2021 годзе.