На беларуска-польскай мяжы плануюцца інвестыцыі на 10 млн. еўра
Буйныя інвестыцыі на мяжы з Беларуссю. Іх агульны кошт – 10 мільёнаў 100 тысяч еўра, якія маюць пайсці на будаўніцтва мосту на памежным пераходзе Бераставіца-Баброўнікі з беларускага боку, а таксама на далейшую разбудову чыгуначнага пункту пропуску ў Семяноўцы Падляшскага ваяводства. Абедзьве інвестыцыі, як плануецца, атрымаюць дафінансаванне з праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна на 2014-2020 гады.
Беларуска-польскі пункт пропуску Бераставіца-Баброўнікі стане больш зручным для пераезду. Тут плануецца будаўніцтва другога моста з беларускага боку, што мае спрасціць умовы перасячэння мяжы праз раку Свіслач. На гэты інвестыцыйны праект, кошт якога ацэньваецца ў 4,5 мільёны еўра, плануецца атрымаць дафінансаванне з праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна на 2014-2020 гады – паведаміла нашаму радыё віцэ-дырэктар аддзела інфраструктуры Управы Падляшскага ваяводства ў Беластоку Эва Стаховіч:
— Будаўніцтва мосту на рацэ Свіслач, другога мосту на памежным пераходзе ў Баброўніках было заяўлена кіраўніком Гарадзенскай вобласці, а падляшскі ваявода выступае ў якасці партнёра гэтага праекта.
Другі польска-беларускі праект на мяжы — далейшая разбудова чыгуначнага пункта пропуску ў Семяноўцы – працягвае Эва Стаховіч:
— Гэта тычыцца перабудовы чыгуначнага памежнага пераходу ў Семяноўцы, дзе беларускі бок: дзяржаўны камітэт у Менску, выступае ў якасці партнёра. Гэта будзе тычыцца працаў, звязаных з маніторынгам, з вагамі, з усталяваннем рознага тыпу абсталявання, а таксама з завяршэннем адміністрацыйнай інфраструктуры памежнага пераходу ў Семяноўцы.
Калі казаць пра праект ў Семяноўцы, то першы этап разбудовы чыгуначнага памежнага пераезду тут завяршылі ў студзені 2014 году. Працы каштавалі каля 24 мільёнаў злотых. Цяпер пункт пропуску Семяноўка-Свіслач адпавядае стандартам Еўразвязу. Паводле мытнікаў, праз Семяноўку на ўсход імпартуюцца, між іншым, газ прапан-бутан, каменны вугаль, трактары, мінеральныя ўгнаенні, цэмент і гэтак далей. Сярод экспарту называецца мэбля, панэлі для падлогі, шкло, будаўнічая хімія ды іншае. Кошт гэтага праекта складае 5 мільёнаў 600 тысяч еўра.
Таксама вядома, што цяпер беларускі бок працуе над разбудовай пункта пропуску Брузгі-Кузніца ў рамках вялікага праекта, звязанага з будаўніцтвам дарогі Гародня – Менск. Цяпер ідзе падрыхтоўка адпаведнай дакументацыі, якая, між іншым, прадугледжвае павелічэнне колькасці палос для руху з двух – да чатырох, у абодвух накірунках. Пазней гэтую дакументацыю перададуць польскаму боку (меркавана ў апошнім квартале гэтага года) для ўзгаднення праектаў з абодвух бакоў мяжы.
Прыгадаем і тое, што ў верасні 2015 года быў адкрыты мадэрнізаваны пункт пропуску Полаўцы-Пяшчатка, працы над якім каштавалі 178 мільёнаў злотых. Гэты пункт пропуску атрымаў статус міжнароднага, а раней ім маглі карыстацца толькі грамадзяне Польшчы і Беларусі.
Чарговае пасяджэнне тэхнічнага сакратарыяту праграмы супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна пройдзе ў бліжэйшыя месяцы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя