На Беларускай АЭС пачалася загрузка ядзернага паліва ў рэактар
Жыхар Астравеччыны, актывіст антыядзернай кампаніі Мікалай Уласевіч разам з мясцовымі жыхарамі не заўважыў нейкага незвычайнага руху вакол атамнай станцыі, але лічыць, што нездарма аб загрузцы паліва аб’явілі менавіта падчас прэзідэнцкіх выбараў:
– Вось гэтая практыка здаваць аб’екты да нейкіх там знамянальных датаў, гадавінаў, нейкіх там рэвалюцыйных падзеяў, ці, у дадзеным выпадку, да гадавіны дня выбараў – гэта, як паказаў Чарнобыль, можа вельмі дрэнна скончыцца, як мы ведаем. Тое, што там адбывалася, сведчыць пра тое, што мы можам наступіць на тыя страшныя граблі, якія былі ў 1986 годзе.
Чалец Рады экалагічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій таксама заўважае, што паспешлівасць уладаў з увядзеннем АЭС у эксплуатацыю можа прывесці да небяспечных сітуацый.
– Раней яны б выдалі ліцэнзію, калі б поўнасцю праверылі сістэму бяспекі і гатовасць станцыі да функцыянавання. Цяпер даюць кавалкамі, і гэта значыць, што іншыя кавалкі не гатовыя. Карцінка цалкам не бачная. І вось па гэтых кавалках, прыходзячы да моманту, калі там пачнецца рэакцыя ў рэактары, і ўсё астатняе, штосьці можа быць не гатова. Спешка заўжды не небяспечная. У кагосьці адключаюць электрычнасць, не хапае ў нас энергіі зараз? Куды мы спяшаемся?
Cтаршыня партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук звяртае ўвагу на парушэнні неабходных працэдур пры выдачы ліцэнзіі на загрузку ядзернага паліва ў энергаблок:
– Яшчэ ў траўні планавалася правесці грамадскае абмеркаванне перад тым, як выдаваць ліцэнзію БелАЭС. І раптам 30 ліпеня была выпушчана пастанова, а 31 яна ўступіла ў сілу, пра тое, каб БелАЭС выдаць ліцэнзію на загрузку ядзернага паліва. То бок, вядзецца з вялікімі парушэннямі заканадаўства і самых працэдур выдачы ліцэнзіі. Мы расцэньваем гэта як палітычнае дзеянне.
Энергетычны пуск першага энергаблока з уключэннем яго ў энергасістэму краіны запланаваны на чацвёрты квартал года. Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч заявіў, што першыя кілават-гадзіны на БелАЭС плануецца выдаць у энергетычную сетку ўжо гэтай восенню.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя