На „БелДжы” сабралі 20-тысячны аўтамабіль Geely ў 2019 годзе
Беларуска-кітайскае прадпрыемства „БелДжы” сабрала 20-тысячны аўтамабіль у 2019 годзе. Ім стаў Geely Atlas 1.8 Turbo у камплектацыі Luxury.
У цэлым за гісторыю новага прадпрыемства выпушчана ўжо больш як 29.000 аўтамабіляў Geely. Планы выпуску ў 2020 годзе складаюць 30 тыс. аўтамабіляў.
Па стане на лістапад у Беларусі ў гэтым годзе пакупнікоў знайшлі 5.927 аўтамабіляў Geely.
Лідар мадэльнага раду „БелДжы” — красовер Geely Atlas, на яго прыпадае 50% продажаў. Красовер Geely Emgrand X7 займае каля 30% у агульным аб’ёме продажаў, седан Geely Emgrand 7 — 20%.
Каля 60% усёй прадукцыі пастаўляецца на расійскі рынак, і агульны аб’ём продажаў у Расію з пачатку года склаў ужо больш за 100 млн долараў.
Акрамя гэтага, „БелДжы” цяпер вядзе перамовы аб магчымасці паставак аўтамабіляў з прадстаўнікамі Арменіі, Казахстана, Азербайджана, Украіны, Сербіі, Літвы, Польшчы і Таджыкістана.
СЗАТ „БелДжы” створана 23 снежня 2011 года па падставе мемарандума аб супрацоўніцтве Мінпрама Беларусі і кітайскай кампаніі Geely. У сакавіку 2012 года быў заключаны інвестыцыйны дагавор, згодна з якім агульны аб’ём інвестыцый у праект склаў 244,9 млн долараў ЗША.
Афіцыйнае адкрыццё беларуска-кітайскага прадпрыемства СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае пад Барысавам (Менская вобласць) легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, адбылося ў лютым 2013 года. У тым жа годзе пачалася вытворчасць аўтамабіляў метадам буйнавузлавой зборкі. 17 лістапада 2017 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага завода „БелДжы” і запуск серыйнай вытворчасці аўтамабіляў.
belapan.by