На Берасцейшчыне колькасць ІП за два месяцы знізілася на 7,5%



На 7,5% скарацілася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Берасцейскай вобласці за першыя два месяцы гэтага году. Па дадзеным Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на Берасцейшчыне зарэгістравана каля 33700 ІП. Гэта самы вялікі паказчык сярод рэгіёнаў. Большая колькасць дробных бізнэсоўцаў зарэгістравана толькі ў Менску і Менскай вобласці. Берасцейскія прадпрымальнікі адзначаюць, што сітуацыя складаная і неадназначная, аднак збіраюцца да апошняга адстойваць свае правы ў межах закону:

– Да апошняга мы будзем скарыстоўваць законныя метады для адстойвання сваіх правоў. Працаваць мы не можам. Як вы бачыце, умовы для нас немагчымыя – ні фінансава, ні дакументальна.

– Гэта не толькі нас датычыць. Мяне здзіўляюць людзі, якія з’яўляюцца спажывецкім рынкам, яны дасюль не зразумелі, што адбываецца. У мяне перад Новым годам, калі я аддаваў свае рэчы ніжэй себекошту, людзі, якія да мяне прыходзілі, я ім гаварыў, ну вы паглядзіце, і паказваў этыкетку, швы, а пакупнік адкрыў свой гаманец і кажа: вось мая якасць.

Сярод асноўных прычынаў, па якіх прадпрымальнікі здаюць свае пасведчанні ў Берасцейскай вобласці, гэта – указы №222 і №48, а таксама нізкая пакупніцкая здольнасць насельніцтва.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце