На біржавых таргах курс даляра павысіўся да новага максімуму



Валютныя таргі ў панядзелак, 23 сакавіка, зноў пачаліся са значнага росту курсу даляра ЗША, сведчаць дадзеныя Беларускай валютна-фондавай біржы.

Увесь мінулы тыдзень долар у Беларусі даражэў. Па выніках таргоў 20 сакавіка на Беларускай валютна-фондавай біржы курс амерыканскай валюты вырас на 1,77 капейкі, або на 0,70%, і дасягнуў рэкорднага ўзроўню — 2,5591 рубля за даляр. У пачатку сённяшніх таргоў (па стане на 10.30) курс долара вырас на 2,93% і дасягнуў новага максімуму — 2,6341 рубля за даляр. Курс еўра ў пачатку таргоў таксама значна вырас — на 2,42% да 2,849 рубля за еўра.

У той жа час курс расейскага рубля знізіўся на 0,45% да 3,2611 беларускага рубля за 100 расейскіх. Варта зазначыць, што рост курсаў замежных валют у Беларусі ў панядзелак адбыўся на фоне зніжэння цэн на нафту і чарговай валацільнасці на валютным рынку Расеі. На таргах у панядзелак курс даляра ў Расеі перавысіў 81 расейскі рубель.

„Дынаміка курсу беларускага рубля будзе залежаць ад сітуацыі на расейскім валютным рынку, на стан якога ўплывае кошт нафты на сусветным рынку”, — падкрэсліў фінансавы аналітык Аляксандр Муха.

На яго думку, падзеі на нафтавым рынку будуць уплываць не толькі на курсы замежных валют, але і на стан эканомікі ў Расеі і ў Беларусі.

„Летась на долю Расеі прыйшлося больш за 40% беларускага экспарту, а па шэрагу беларускіх тавараў доля паставак у Расею значна вышэйшая. У той жа час больш за 55% расейскага экспарту прыпадае на нафтавыя тавары. Цэны на нафту з пачатку года ўпалі ўдвая. Адпаведна, гэта негатыўна адаб’ецца на расейскай эканоміцы і па ланцужку закране і Беларусь”, — мяркуе Муха.

У сувязі са значнымі зменамі курсаў замежных валют Нацбанк Беларусі на мінулым тыдні распаўсюдзіў адмысловы каментар.

„У гэтых умовах павысіўся попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку. Гэта адбілася на дынаміцы курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют. З мэтай абмежавання рызык забеспячэння фінансавай стабільнасці, звязаных з павышанай валацільнасцю курсу, Нацыянальны банк праводзіў валютныя інтэрвенцыі ў дадатковых аб’ёмах”, — паведамляў Нацбанк.

Пры гэтым цэнтральны банк падкрэсліў, што ў краіне захоўваецца рэжым плаваючага курсу і валютныя інтэрвенцыі будуць ажыццяўляцца ў абмежаваных аб’ёмах.

„Нацыянальны банк працягне ажыццяўляць маніторынг сітуацыі і пры неабходнасці будзе прымаць аператыўныя меры рэагавання”, — папярэдзіў рэгулятар.

belapan.by