На будаўніцтве БелАЭС занятыя каля пяці тысяч чалавек



Згодна са звесткамі на канец снежня, на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы занятыя прыблізна пяць тысяч чалавек, паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў РУП „Беларуская атамная электрастанцыя”.

З іх 1.600 чалавек — з расейскіх падрадных арганізацый, астатнія 3.400 — з беларускіх. Акрамя таго, сярод занятых ёсць нязначная колькасць прадстаўнікоў іншых дзяржаў — да 20 чалавек. З якіх менавіта краін, у РУП „Беларуская атамная электрастанцыя” не ўдакладнілі.

Як паведамлялася, 31 снежня 2016 года быў падпісаны ўказ прэзідэнта № 515 „Аб мерах па прыцягненні работнікаў для будаўніцтва і эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі”. Згодна з дакументам, замежным спецыялістам, якія працуюць на будаўніцтве АЭС як дзяржаўныя службовыя асобы, дазволена мець рахункі ў замежных банках.

Устаноўлена таксама, што іншаземцаў, якія прэтэндуюць працаваць на будаўніцтве БелАЭС і падчас яе эксплуатацыі, будуць правяраць органы дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Яны павінны праводзіць „праверачныя мерапрыемствы ў адносінах да замежных работнікаў, а таксама замежных грамадзян, якія прэтэндуюць на заняцце пасад, <…> і работнікаў арганізацый, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі, на прадмет выяўлення звестак аб магчымасці прычынення названымі асобамі шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

Праверкі будуць праводзіцца з пісьмовай згоды замежнага работніка, кандыдата на пасаду або работніка падраднай арганізацыі. „Нязгода замежнага работніка або кандыдата на пасаду з правядзеннем у іх дачыненні праверачных мерапрыемстваў цi выяўленне паводле вынікаў такіх мерапрыемстваў звестак аб магчымасці прычынення названымі асобамі шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца падставамі для адмовы ў прызначэнні кандыдата на пасаду альбо вызвалення замежнага работніка ад пасады”, — гаворыцца ва ўказе.

Нязгода праходзіць праверку з боку работніка падраднай арганізацыі з’яўляецца падставай для адмовы ва ўзгадненні допуску на пляцоўку будаўніцтва БелАЭС, а таксама для выканання работ і аказання паслуг на працягу гарантыйнага тэрміну эксплуатацыі электрастанцыі.

Падрадныя арганізацыі абавязаныя падаваць РУП „Беларуская атамная электрастанцыя” звесткі пра работнікаў, неабходныя для правядзення ў дачыненні да іх праверак.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі пад Астраўцом ў Гродзенскай вобласці. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення. Раней меркавалася, што першы блок АЭС будзе ўведзены ў эксплуатацыю да 2018 года, другі — у 2020-м. Аднак у лістападзе 2016 года намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка паведаміў, што тэрмін ўводу першага блока перанесены на 2019 год з-за інцыдэнту з першым корпусам рэактара.

БелаПАН