На чарнігаўскіх рынках паменела беларусаў
Беларусаў на чарнігаўскіх рынках значна паменела. Пра гэта сведчаць не толькі мясцовыя бізнесоўцы, але і тыя нешматлікія беларусы, якія прыяжджаюць на тамтэйшыя рынкі і гуртовыя базы “па закупы”.
Вось тыповае меркаванне жыхара Мазыра, які пабываў у Чарнігаве:
– У Чарнігаве ў мяне пытаюцца: “Чаму мала вашых прыехала сёння?”. Раней, калі я прыязджаў, уся мытня, уся памежная застава была застаўлена гомельскімі аўтамабілямі. Усё залежыць ад таго, якая эканамічная сітуацыя зараз. Калі адбыўся скачок даляра да беларускага рубля, то канешне нашых людзей стала меней. Калі ў апошні раз я сюды ехаў, то ўся мяжа была пустая, ніводнага беларускага аўтамабіля. Гандляры пыталіся: “Дзе беларусы, што з імі здарылася, чаму яны не прыязджаюць?”.
Чарнігаўскія прадпрымальнікі тлумачаць такую сітуацыю не толькі эканамічным крызісам у Беларусі, але і антыўкраінскай прапагандай, якая па-ранейшаму транслюецца ў Беларусь расейскімі тэлеканаламі.
Беларускае Радыё Рацыя