На фабрыцы “Камунарка” ідуць палітычныя звальненні
Работнікі кандытарскай фабрыкі „Камунарка” кажуць, што людзей на прадпрыемстве звальняюць па палітычных прычынах. Сысці па пагадненні бакоў прапаноўваюць тым, каго летась затрымлівалі або садзілі на „суткі”. Калі хтосьці адмаўляецца скасоўваць кантракт, яму пагражаюць звальненнем па артыкуле.
У каментары TUT.by адна з былых супрацоўніц „Камунаркі” кажа, што звальненні ідуць невялікімі партыямі. Саму яе звольнілі з-за прыцягнення па адміністрацыйным артыкуле. Як мінімум яшчэ трое работнікаў заяўляюць, што ім прапанавалі звольніцца, бо былі пытанні з боку сілавікоў.
У цукеркава-шакаладным цэху кажуць, што там звольнілі двух аператараў, прычым адзін выконваў адказную працу, „на якую не возьмеш чалавека з вуліцы”. Таксама, кажуць работнікі, адміністрацыя не працягвае кантракты з тымі, хто выйшаў з афіцыйнага прафсаюза. Па розных звестках, на „Камунарцы” за апошнія два тыдні звольнілі ад 10 да больш як 20 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: foodbay.com