На Гарадзеншчыне больш за 190 стратных прадпрыемстваў



На працягу 2015 года на Гарадзеншчыне ў 2 разы павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў – цяпер іх налічваецца больш за 190. Кожнае пятае прадпрыемства рэгіёна мае вялікія запазычанасці і існуе дзякуючы крэдытам, якія атрымліваюцца пад заклад маёмасьці. Сума запазычанасцяў перавышае 142 мільёны даляраў і за год павялічылася боль як у тры з паловай разы. На думку старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы Прынёмання будуць і надалей пагаршацца:

– Няма ніводнага моманту, дзякуючы якому маглі б сцвярджаць, што наперадзе з’явілася нейкая перспектыва. Перспектывы не будзе да той пары, пакуль будзе існаваць гэты збанкрутаваны сацыяльна-эканамічны курс, які характэрны тым, што стаўка робіцца на камандна-адміністрацыйныя метады кіравання эканомікай.

Найбольшая колькасць стратных прадпрыемстваў Гарадзеншчыны – у прамысловасці, будаўніцтве і транспарце. Менш за ўсё арганізацый-банкротаў у такіх накірунках гаспадарчай дзейнасці, як аказанне медыцынскіх і сацыяльных паслугаў, а таксама гандаль і арэнда нерухомасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня   

Фота grodno24.com