На Гарадзеншчыне дзясяткі неплацёжаздольных прадпрыемстваў
Больш за сорак прамысловых прадпрыемстваў Гарадзеншчыны з’яўляюцца неплацёжаздольнымі і ўтрымліваюцца за кошт дзяржаўнага бюджэта. Перадусім – гэта фабрыкі і заводы машынабудаўнічай галіны, дрэваперапрацоўкі і лёгкай прамысловасці. Цягам бягучага года ўсе яны будуць выстаўляцца на продаж, але на думку старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, знайсці пакупнікоў у такой сітуацыі будзе вельмі складана:
– Некаторыя сістэматычна ўжо доўгія гады з’яўляюцца неплацёжаздольнымі. Каб вывесці іх на нармальны фінансавы шлях спатрэбяцца вялікія грошы.
Асноўныя прычыны адмоўнага фінансавага становішча дзясяткаў прадпрыемстваў Прынёмання – неканкурэнтаздольнасць прадукцыі, адсутнасць сродкаў на мадэрнізацыю вытворчасці і забарона скарачэння персаналу дзеля падвышэння эфектыўнасьці працы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня