На Гарадзеншчыне — напружанасць на рынку працы



Напружанасць на рынку працы – галоўная сацыяльна – эканамічная праблема Гарадзеншчыны. Мясцовыя ўлады канстатуюць, што колькасць беспрацоўных на працягу бягучага года павысілася ўдвая, а колькасць прапановаў на рынку працы напалову саступае колькасці жадаючых знайсці працоўнае месца.

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў абгрунтоўвае праблемы з працаўладкаваннем наступствамі фінансава-эканамічнага крызісу і спрэчнымі рашэннямі прэзідэнта краіны:

— Цяпер і ў Расеі не заробіш таго, што раней можна было зарабіць, і гэта павялічвае напружанасць на рынку працы. Плюс вядомы дэкрэт №3, які таксама спрацаваў пэўная колькасць людзей прыйшла і заявіла пра патрэбу ў працы.

 

Паводле дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гарадзенскай вобласці колькасць занятых у эканоміцы рэгіёна перавысіла чатырыста дзевяноста адну тысячу чалавек і ў параўнанні з мінулым годам скарацілася амаль на 5 000. Афіцыйная лічба беспрацоўя  складае 1,2% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня