На Гарадзеншчыне пабудавалі на тысячу кватэр менш



Адсутнасць фінансавых сродкаў перашкаджае Гарадзенскай вобласці выконваць план будаўніцтва жытла. Прыкладам, для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, у бягучым годзе пабудавана на 104 тысячы квадратных метраў меней, чым у 2014-м. Для гэтай катэгорыі насельніцтва будуецца амаль палова ўсяго жытла на Гарадзеншчыне. Увогуле, у параўнанні з мінулым годам у рэгіёне пабудавана на тысячу кватэр менш. Як зазначае старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, галоўная прычына невыканання планавых паказчыкаў па жытлу – наступствы фінансавага крызіса, якія не абмінулі і будаўнічую галіну:

– Кантралюецца мінімальны кошт квадратнага метра… Але нам не ўдалося выканаць усе абавязкі, якія мы бралі на сябе, па шэрагу прычынаў. Шмат знешніх фактараў. На жаль, так склалася сітуацыя, што мы далёка не выканалі запланаванае.

Будаўніцтва жытла на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці адбываецца як з дзяржаўнай падтрымкай, так і за сродкі забудоўшчыкаў. У капітальнае будаўніцтва накіроўваюцца самыя вялікія інвестыцыі ў рэгіёне. У бягучым годзе на гэта выкарыстана дзяржаўных сродкаў на суму, якая перавышае 217 мільёнаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя