На Гарадзеншчыне падвоілася колькасць беспрацоўных



Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць беспрацоўных на Гарадзеншчыне на працягу года павялічылася больш чым у два разы і складае 5,5 тысяч чалавек.

Гэтую лічбу агучвае камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гарадзенскага аблвыканкама, улічваючы дадзеныя раённых цэнтраў занятасці насельніцтва.

Аднак, незалежныя прафсаюзы ацэньваюць сітуацыю з беспрацоўем яшчэ больш крытычна.

Як зазначае старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, сітуацыю на рынку працы дзяржава кантралюе толькі часткова:

– Далёка не ўсе, хто не мае працы ў краіне, звяртаюцца ў цэнтры занятасці. І наогул менш за 3% нідзе ў самых паспяховых краінах, з пункту гледжання занятасці, няма беспрацоўя. Канешне лічба на некалькі парадкаў больш высокая. Справа нават не ў тым, што мы не маем рэальнай карціны сённяшняй сітуацыі, справа ў тым, што дакладна ніхто не ведае, што заўтра будзе адбывацца на рынку працы.

На працягу верасня найбольшыя страты панесла прамысловасць Прынёманскага рэгіёна, дзе працу згубілі  больш за 400 работнікаў. Статыстычныя дадзеныя сведчаць пра тое, што бягучым часам у эканоміцы Гарадзенскай вобласці занята 490 000 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня