На Гарадзеншчыне расце беспрацоўе
На Гарадзеншчыне найбольш напружаная сітуацыя на рынку працы склалася ў Лідскім раёне. Статыстычныя дадзеныя сведчаць пра тое, што на адно працоўнае месца прэтэндуе больш за тры чалавекі. Колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных складае амаль два працэнты ад эканамічна актыўнага насельніцтва.
Як зазначае старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўчанка, галоўная прычына складанай сітуацыі – скарачэнні персаналу на прамысловых прадпрыемствах:
– Напружанасць на рынку працы вострая і актуальная. Ідэальнай карціны не будзе, як у старыя савецкія часы, калі шукалі людзей і не маглі знайсці. Мы бачым, што па цэлым шэрагу прадпрыемстваў у нас ёсць лішні персанал.
На працягу 2016 года ўлады Гарадзенскай вобласці плануюць стварыць тры з паловай тысячы новых працоўных месцаў. Гэты крок толькі часткова вырашыць праблему беспрацоўя, бо ў Прынёманскім рэгіёне налічваецца каля сямі тысяч чалавек, якія стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасьці насельніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by