На Гарадзеншчыне расце колькасць сэканд-хэндаў
На Гарадзеншчыне істотна павялічваецца колькасць крамаў ужыванай вопраткі. На працягу бягучага года новыя «Сэканд Хэнды» з’явіліся не толькі ў Гародні, але таксама ў раённых цэнтрах і аграгарадках.
Пачынаючы са студзеня 2015 года крамаў «Сэканд Хэнд» у рэгіёне паболела больш як на пяцьдзесят, што, на думку жыхароў рэгіёна, выглядае цалкам абгрунтавана і зразумела:
— Тут значна танней, чым у дзяржаўнай краме. Ім трэба падумаць пра якасць таго, што яны выпрацоўваюць і чаму наш тавар даражэйшы за тавар, які сюды яшчэ трэба прывезці.
— Сэканд-хэнд мне дапамагае заўсёды. Асабіста я, хадзіла ў той сэканд-хэнд, дзе былі распродажы па тысячы, па пяцьсот рублёў, сістэмы зніжак для ўсіх. Адзецца там можа кожны.
— Наколькі я разумею, сёння кантынгент змяніўся: тыя, хто некалі мог і лічыў неабходным, маючы грошы купіць штосьці эксклюзіўнае ў гэтай краме, цяпер тут не купляюць, тут купляюць тыя ў каго невялікі дастатак.
Усё большая запатрабаванасць ужыванай вопраткі сярод жыхароў рэгіёна становіцца падставай для адкрыцця новых кропак гандлю, а бізнес на продажы «Сэканд хэнду» усё больш прыцягвае такую катэгорыю насельніцтва, як індывідуальныя прадпрымальнікі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня