На Гарадзеншчыне разлічыліся з працоўнымі
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў улады Гарадзенскай вобласці актыўна задзейнічалі адміністрацыйны рэсурс дзеля ліквідацыі пратэрмінаванай запазычанасці па заробках для працоўных рэгіёна.
На пачатак кастрычніка ніводная арганізацыя Прынёмання не мела запазычанасці перад працоўнымі, у той час, як на пачатак верасня налічвалася 25 арганізацый, запазычанасці якіх перад работнікамі перавышалі мільён даляраў, гаворыць старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:
– На перыферыі людзі шчаслівыя калі і 100, і 150 даляраў атрымліваюць. Тое, што нас чакае наперадзе, тое што будзе адметнай рысай сітуацыі ў Беларусі, як раз будзе зыходзіць з абсалютнай непрадказальнасці сітуацыі таму, што сацыяльны эканамічны крызіс будзе доўжыцца працяглы тэрмін. Улады не выказваюць намеру змяняць эканамічную палітыку.
Складаная сітуацыя з выплатай заробкаў на Гарадзеншчыне ўзнікла ў сувязі са змяншэннем аб’ёмаў вытворчасці, скарачэннем інвестыцый у асноўны капітал і павелічэннем колькасці стратных прадпрыемстваў. Паводле прагнозаў незалежных экспертаў, запазычанасці па заробках пасля выбараў чакаюць дзясяткі прадпрыемстваў рэгіёна.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня