На Гарадзеншчыне скарачаецца колькасць працаздольнага насельніцтва
На Гарадзеншчыне скарачаецца колькасць працаздольнага насельніцтва і адначасова павялічваецца колькасць людзей пенсійнага ўзросту. Цяпер кожны чацвёрты жыхар Прынёмання адносіцца да катэгорыі непрацаздольны ў сувязі з выхадам на пенсію. Паводле дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гарадзенскай вобласці, у рэгіёне адбываюцца істотныя змены ў структуры нагрузкі на працаздольнае насельніцтва: на 1000 працоўных прыходзіцца амаль 500 пенсіянераў. Не ў апошню чаргу такая сітуацыя тлумачыцца міграцыйнымі працэсамі, асабліва сярод моладзі і людзей сярэдняга ўзросту:
– Прычына, зразумела, у фінансавым дабрабыце. Няўпэўненасць у заўтрашнім дні, пастаяннае падвышэнне цэн адбіваюцца на будучым кожнага жыхара Беларусі. Улада сама падштурхоўвае чалавека да таго, каб ён задумаўся над тым, што ёсць краіны, дзе жыць нашмат лепей, чым у Беларусі, дзе клопат пра чалавека – галоўная мэта дзяржавы.
Старэнне насельніцтва і колькаснае змяншэнне моладзі не спрыяюць папаўненню працоўных рэсурсаў на Гарадзеншчыне. Паводле падлікаў, ужо ў наступным годзе адмоўны баланс людзей, якія выйдуць на пенсію, і тых, хто павінен іх замяніць, складзе 5 000 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота sn-plus.com