На Гарадзеншчыне становіцца ўсё менш прадпрымальнікаў



Штомесяц колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў на Гарадзеншчыне скарачаецца больш, як на сто чалавек. Дадзеныя Белстата сведчаць пра тое, што цяпер колькасць прадстаўнікоў дробнага бізнесу Прынёмання не перавышае 26000.

У параўнанні з пачаткам мінулага года лічба скарацілася больш, як на 2000 чалавек. Галоўная прычына такой тэндэнцыі – невыгодныя ўмовы працы, у якія трапілі індывідуальныя прадпрымальнікі дзякуючы захадам чыноўнікаў:

– Тупа закрывайся, у два разы зменшыўся наш заробак, і арэнда такая шалёная, цану трэба павышаць, а мы не можам павышаць, бо людзі не прыйдуць зусім.

– Людзі пакупаюць на рынку вельмі слаба, у нас знізілася ўсё. Людзі на рынак і не ходзяць, толькі па вялікіх святах.

– Народ неплацёжаздольны стаў, і мы таксама раза з народам становімся больш беднымі і не можам тыя самыя падаткі плаціць – тую ж самую вялікую арэнду плаціць.

Прадстаўнікі дробнага бізнесу Прынёмання лічаць, што дзяржава спрабуе іх знішчыць, як клас. Безвыходная сітуацыя прымушае ІП рэгіёна мяняць від дзейнасці ці ажыццяўляць працу нелегальна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня